У Віцебскай вобласці прыступілі да ўборкі кукурузы на корм

16 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі васьмі раёнаў Віцебскай вобласці прыступілі да ўборкі кукурузы на корм, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Па даных на 16 жніўня, скасілі крыху больш за 1,7 тыс.га плошчаў, валавы збор зялёнай масы склаў каля 47,5 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 272 ц/га. У бягучым годзе кукурузнае поле вобласці пашырана на 25% у параўнанні з 2010 годам да 100 тыс.га, з кукурузы трэба будзе нарыхтаваць асноўны аб'ём сіласу. Акрамя таго, пры наяўнасці спрыяльных умоў надвор'я частка пасеваў гэтай культуры, магчыма, будзе прыбірацца на збожжа.

У цэлым па вобласці другі ўкос траў праведзены на плошчы ў 70,1 тыс.га, што складае 55% задання. Нарыхтавана каля 724,5 тыс.т кармавых адзінак, або 57% задання. Гаспадаркі нарыхтавалі амаль 160 тыс.т сена, што складае 156% плана, а таксама больш за 2,2 млн.т сенажу (107% плана). Сілас нарыхтаваны ў аб'ёме каля 133 тыс.т (7% плана).

Забяспечанасць кармамі на адну ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па вобласці складае амаль 15,6 ц кармавых адзінак. У лідарах па нарыхтоўцы кармоў гаспадаркі Гарадоцкага раёна, дзе забяспечанасць кармамі на ўмоўную галаву жывёлы складае ўжо звыш 18,4 ц кармавых адзінак, яшчэ ў шасці раёнах гэты паказчык перавышае 16 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву.

Усяго ў бягучым сезоне гаспадаркам вобласці трэба будзе нарыхтаваць корму ў аб'ёме звыш 1,2 млн.т кармавых адзінак, у разліку на адну ўмоўную галаву грамадскага статка неабходна дамагчыся забяспечанасці кармамі на ўзроўні не менш за 25 ц кармавых адзінак.-0-