У Віцебскай вобласці прышчэпкі ад грыпу ў 2010 годзе зрабілі ў 4,5 раза больш работнікаў прадпрыемстваў

12 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый у гэтым сезоне супраць грыпу прышчэплена 27,7 тыс. чалавек, што амаль у 4,5 раза больш у параўнанні з 2009 годам. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Павялічылася сёлета і колькасць жыхароў рэгіёну, якія вырашылі зрабіць прышчэпку за кошт уласных сродкаў. Калі летась іх налічвалася 530 чалавек, то ў 2010-м - 2,4 тыс. Усяго да надыходзячага эпідсезону прышчэплена 284,8 тыс. чалавек, або кожны пяты жыхар вобласці. Пры гэтым 177,2 тыс. чалавек атрымалі прышчэпкі за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і 77,5 тыс. - за кошт рэспубліканскага. Як адзначылі ў цэнтры, значны рост колькасці правакцынаваных супраць грыпу жыхароў рэгіёну абумоўлены шырокай інфармацыйна-тлумачальнай працай, арганізаванай напярэдадні прышчэпачнай кампаніі ва ўсіх медустановах, сродках масавай інфармацыі, а таксама павышэннем адказнага стаўлення людзей да свайго здароўя.-0-