У Віцебскай вобласці працягнуты забарону на наведванне лясоў

В Витебской области продлен запрет на посещение лесов

Хоць асобныя раёны ў Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях знялі забарону на наведванне лясоў, на Віцебшчыне падобныя абмежаванні пакуль нідзе адмяняць не збіраюцца.

Цяперашні чэрвень у прыдзвінскім краі выдаўся скупым на дажджы. І няхай нават анамальнай спёкі ў нас няма, але дні стаяць даволі цёплыя і ясныя. А значыць, пагроза ўзнікнення лясных пажараў па-ранейшаму існуе. Таму ўведзеную з 18 чэрвеня ва ўсіх раёнах Віцебшчыны забарону на наведванне лясоў у бліжэйшы час зняты не будзе, растлумачылі ў абласным УМНС. Гэта варта ўлічыць усім, хто плануе правесці выхадныя на лоне прыроды.

Пакуль дзейнічаюць абмежаванні, знаходзіцца ў лясных масівах дазволена толькі ў спецыяльна абсталяваных для адпачынку месцах, на турысцкіх стаянках. Нельга ўязджаць на ўсе лясныя дарогі (выключэнне складаюць трасы агульнага прызначэння) і самастойна адкрываць апушчаныя там шлагбаўмы. Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за ігнараванне дадзенай забароны прадугледжаны штраф у памеры да 25 базавых велічынь. Калі ж у выніку будуць знішчаны або пашкоджаны лясы альбо тарфянікі, то штраф складзе ад 25 да 50 БВ.

Каб не дапусціць узнікнення пажараў і праверыць, як насельніцтва выконвае ўведзеныя абмежаванні, работнікі МНС і прадстаўнікі лесагаспадарчых аб'яднанняў праводзяць па выхадных сумесныя рэйды. На Віцебшчыне, адзначылі ў абласным УМНС, ужо прыцягнута да адказнасці некалькі дзясяткаў чалавек, якія не толькі знаходзіліся на забароненай цяпер тэрыторыі, але і разводзілі вогнішчы ў неўстаноўленых месцах (за такое парушэнне, нагадаем, таксама прадугледжана пакаранне: папярэджанне альбо штраф у памеры да 12 БВ).

Лілія Іўчанка, "Віцебскія весці"