У Віцебскай вобласці працягваецца праца па пераходзе на мясцовыя віды паліва
За апошнія 10 гадоў прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці павялічылі аб'ём спажывання мясцовых відаў паліва (МВП) у 5,5 раза. Замяшчэнне прыроднага газу склала 120 мільёнаў кубаметраў. Летась уведзены ў эксплуатацыю 9 катлоў з механізаванай загрузкай, якія працуюць на МВП, сумарнай магутнасцю 23 МВт. У выніку доля эканамічнага паліва, што выкарыстоўваецца ў дадзенай сферы, склала 54 працэнты, што з'яўляецца лепшым вынікам у рэспубліцы. Таксама ў 2012-м для гэтых мэт набыта 14 адзінак лесанарыхтоўчай тэхнікі, у тым ліку 6 высокаэфектыўных драбнілак для вырабу шчэпу (Бешанковічы, Бароўка, Ліёзна, Орша, Полацк, Шуміліна).
Сістэмай ЖКГ рэалізавана звыш 220 інвестыцыйных праектаў у рамках мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмамі энергазберажэння, «Чыстая вада», інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця вобласці ў частцы будаўніцтва аб'ектаў пахавання адходаў, рэгіянальнымі праграмамі добраўпарадкавання населеных пунктаў. Уведзены ў эксплуатацыю 10 аб'ектаў водазабеспячэння і 4 водаадвядзення, што дазволіла забяспечыць якаснай пітной вадой больш за 24 тысячы жыхароў 10 населеных пунктаў і палепшыць экалагічную абстаноўку ў 4 райцэнтрах. Значныя аб'екты: 1-я чарга будаўніцтва шматкватэрных дамоў у аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна (водазабеспячэнне), увод у эксплуатацыю станцыі абязжалезвання ў Расонах, 1-я чарга рэканструкцыі з пашырэннем ачышчальных збудаванняў у Гарадку, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў каналізацыі ва Ушачах.
Як паведаміў начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзядзёла ў сваім выступленні на канферэнцыі, якая праходзіць у рамках Міжнароднага форуму «Інавацыі ў энергазберажэнні – інвестыцыі ў будучыню», у 2013-м на энергазберажэнне ў гэтай сферы будзе накіравана 149 мільярдаў рублёў. За кошт гэтых сродкаў плануецца перавярнуць на МВТ 11 катлоў, што дазволіць скараціць спажыванне прыроднага газу на 14 мільёнаў кубаметраў за год. Замена 120 кіламетраў цеплавых сетак забяспечыць скарачэнне долі цепластрат з 19,2 працэнта да 17,2. У бягучым годзе перад прадпрыемствамі ЖКГ стаяць задачы: знізіць расход электраэнергіі на выпрацоўку 1 Гкал не менш чым на 2 працэнты, на 7 працэнтаў паменшыць спажыванне светлых нафтапрадуктаў і забяспечыць паказчык энергазберажэння ў памеры 7 працэнтаў эканоміі агульных энергазатрат. Працягнецца развіццё водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. У планах – будаўніцтва 39 аб'ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення. Будуць рэканструявацца каналізацыйныя дзюкеры праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску (раён ДСК – пасёлак Тарны), ачышчальныя збудаванні ў Докшыцах і Росанах. Намечана таксама будаўніцтва палігонаў для пахавання цвёрдых камунальных адходаў у Наваполацку, Чашніках, Глыбокім, Паставах, Віцебску.
Прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал па сістэме ЖКГ вобласці павінна скласці каля 440 мільярдаў рублёў, або 110 працэнтаў да ўзроўню 2012 года.
Надзея Фондарэнка, «Віцебскі рабочы»
фота: regioninvest.by