У Віцебскай вобласці працягваюць ліквідацыю наступстваў ураганнага ветру з дажджом
- У Віцебскай вобласці адноўлена электразабеспячэнне больш чым 500 населеных пунктаў
- У Віцебскай вобласці ў выніку стыхіі пашкоджаны 21 аўтамабіль
- Энергетыкі Віцебскай вобласці расказалі пра ліквідацыю наступстваў аварый, выкліканых стыхіяй
Так, у Новалукомлі ўсяго за 20 хвілін навальніца месцамі амаль знесла дахі жылых дамоў. Дырэктар Новалукомльскага прадпрыемства ЖКГ «Камунальнік» Аляксандр Дабатоўкін адзначыў, што істотныя разбурэнні нанесены новабудоўлям на вуліцы Энергетыкаў і на Маладзёжным бульвары. Дамы засталіся практычна без даху, працэнт пашкоджанняў складае месцамі 60–70. Пашкоджанні дахаў атрымалі яшчэ шэсць шматкватэрных дамоў. Некаторыя сведкі дзяліліся, што з пацярпелых кватэр можна было бачыць неба. Астаткі шыферу і сарваныя агароджы ляцелі на аўтамабілі, што стаялі ўнізе, колькасць пашкоджаных машын удакладняецца.
Для як найхутчэйшага ўстаранення наступстваў у Новалукомлі быў сабраны штаб, на дапамогу ў Чашніцкі раён прыбылі калегі з іншых рэгіёнаў.
Без сну аказалася і ноч для камунальнікаў Віцебска.
З самай раніцы ў сераду да іх сцякалася ўся інфармацыя аб пашкоджаннях дахаў жылых дамоў і дрэвах, якія ўпалі. І гэта нягледзячы на тое, што напярэдадні ўвечары ўсе сілы былі кінуты на ліквідацыю наступстваў стыхіі.
Толькі на дваравых тэрыторыях налічылі 43 дрэвы, якія ўпалі. На вул. Лакаматыўнай, 7, корпус 3; Дзімітрава, 22 зялёныя насаджэнні пашкодзілі аўтамабілі, на вул. Рэвалюцыйнай, 29 – сарайныя памяшканні. Звалілася велізарная ліпа і перакрыла дарогу на вул. Новы Быт, 4, побач яшчэ адно дрэва ўпала на дах прыватнага дома. Значна пацярпела кроўля шматкватэрнага жылога дома №3 на вул. Цэнтральнай у аграгарадку Альгова...
– Работнікі ЖРЭТ Віцебска ў аўторак ужо разышліся дадому, як наўздагон паступіла экстранае паведамленне аб зборы, каб ліквідаваць наступствы ўраганнага ветру з дажджом, – дзеліцца інжынер аддзела добраўпарадкавання Анастасія Парчынская. – Працавалі да 21.00, а раніцай зноў на перадавую.
Карэспандэнты «ВВ» выехалі на вул. Мяснікова, 9, дзе камунальнікі ў складзе машыніста аўтавышкі Дзмітрыя Бабарыкіна, работнікаў зялёнага будаўніцтва Аляксандра Панасюка і Андрэя Макаранкі працягнулі работы. Яны здымалі велізарныя галіны, якія заблыталіся за агароджы, з даху. На даху выявілі некалькі прабітых месцаў – давядзецца залаціць. А потым – на чарговы аб'ект.
Камунальнікі падзяліліся, што напярэдадні відовішча было не для слабанервных. Паламанае галілле велізарнага дрэва хлестала па вокнах кватэр, а на вул. Новы Быт зваленыя ліпы на даху пашкодзілі яшчэ і лініі электраперадач, нейкі час адсутнічала святло. Усё гэта было аператыўна ліквідавана.
Як паведаміла начальнік ПТА ЖРЭТ Наталля Кыткіна, у сераду раніцай да іх паступіла 195 званкоў і паведамленняў ад віцябчан аб зацяканні дахаў.