У Віцебскай вобласці працягнецца аптымізацыя школьнай сеткі адукацыі
20 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці працягнецца аптымізацыя школьнай сеткі адукацыі. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай завяршэнню бягучага навучальнага года, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, праблема нумар адзін для сістэмы адукацыі – гэта дэмаграфічная сітуацыя. Недастаткова высокая нараджальнасць вымушае праводзіць рэструктурызацыю ўстаноў адукацыі. У сувязі з гэтым, па папярэдніх даных, да пачатку новага навучальнага года ў вобласці трэба будзе закрыць 10 школ. Гэта адна сярэдняя школа, чатыры базавыя, пяць пачатковых, а таксама Варапаеўская дапаможная школа-інтэрнат. Акрамя таго, трэба будзе рэарганізаваць яшчэ 22 школы.
У выніку рэструктурызацыі навучальных устаноў свайго месца працы пазбавяцца 136 педагогаў. Аднак без працы яны не застануцца, запэўніў Іван Шчурок. Ужо цяпер вызначаюцца месцы, куды яны будуць пераведзены. Акрамя таго, 336 дзяцей з закрытых і рэарганізаваных школ будуць падвозіцца ў суседнія ўстановы адукацыі.
Адначасова з гэтым у рэгіёне з'явіцца і шэраг новых устаноў і аб'ектаў адукацыі, паведаміў Іван Шчурок. Так, да новага навучальнага года плануецца адкрыць школу на 930 навучэнцаў у новым мікрараёне Білева абласнога цэнтра, завяршыць будаўніцтва дадатковых блокаў да сярэдняй школы №1 у Глыбокім.
У бягучым навучальным годзе ў Віцебскай вобласці дзейнічае 598 школ, дзе навучаюцца 119 тыс. навучэнцаў. -0-