У Віцебскай вобласці прапрацоўваецца магчымасць стварэння рэгіянальнага фонду развіцця
Дадзеная ініцыятыва будзе накіравана на вырашэнне найбольш значных і актуальных праблем з апорай на мясцовы патэнцыял. Пра гэта заявіў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама, прысвечаным вынікам мінулага года.
На дадзены момант уласныя даходы бюджэту вобласці 2016 года плануюцца ў памеры крыху больш за 11 трлн рублёў, пры гэтым патрэба ў фінансаванні па ўсіх напрамках сацыяльна-эканамічнага жыцця рэгіёну пакуль перавышае нашы магчымасці больш чым у два разы.
— Сітуацыя няпростая, але трэба самастойна разбірацца з уласнымі праблемамі, для чаго і прапануецца стварыць нейкі рэзервовы фонд або фонд развіцця, у фарміраванні якога змогуць прыняць удзел усе мясцовыя суб'екты эканамічнай дзейнасці, — распавёў Мікалай Шарснёў.
Пры гэтым кіраўнік вобласці адразу агаварыўся: прапанова яшчэ сырая, заканадаўчыя і арганізацыйныя асновы, а таксама механізм яго функцыянавання зараз прапрацоўваюцца. У любым выпадку тэма будзе вынесена на ўсеагульнае абмеркаванне, хоць старшыня аблвыканкама ўпэўнены, што жыхары Віцебшчыны з разуменнем паставяцца да гэтай ініцыятывы. Бо менавіта з дапамогай такога інструмента з'явіцца магчымасць прафінансаваць работы па завяршэнні будаўніцтва або рэканструкцыі значных сацыяльных аб'ектаў, якія па розных прычынах не трапілі ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму, у тым ліку абласную, а таксама па добраўпарадкаванні і іншых напрамках. Не выключана стварэнне калегіяльнага органа кіравання фондам.
Па словах начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Барыса Кічаноўскага, папярэдне гаворка ідзе аб стварэнні пазабюджэтнага інвестыцыйнага фонду (яго папаўненне будзе адбывацца за кошт часткі прыбытку, якая застаецца ў распараджэнні падпарадкаваных арганізацый) або стабілізацыйнага фонду пры аблвыканкаме, які будзе акумуляваць спонсарскія сродкі.
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».