У Віцебскай вобласці праведзены комплексны аналіз сацыяльна-эканамічнай сітуацыі

Пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці і задачах на сярэднетэрміновую перспектыву прайшло пад старшынствам прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Сяргей Румас праінфармаваў, што дзяржорганамі сумесна з аблвыканкамам, гар- і райвыканкамамі непасрэдна ў рэгіёне былі прапрацаваны пытанні і праблемы развіцця курыруемых відаў дзейнасці і арганізацый. З улікам вынікаў і прапаноў падрыхтаваны комплексны аналіз, які стане асновай даклада кіраўніку дзяржавы. Практычна ўсе раёны і многія прадпрыемствы рэгіёну таксама наведалі спецыялісты Міністэрства эканомікі, правялі сустрэчы з кіраўнікамі арганізацый розных галін і форм уласнасці.

"Улічаны напрацоўкі па Аршанскім раёне, праекты комплексных планаў паскоранага развіцця горада Наваполацка і Полацкага раёна да 2020 года. У выніку вызначаны магчымыя напрамкі паскоранага развіцця вобласці, павышэння эфектыўнасці яе эканомікі. Выпрацаваны прапановы, і даручэнні па іх рэалізацыі ўнесены ў праект пратакола пасяджэння", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Правесці комплексны аналіз сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Віцебскай вобласці з выездам у рэгіён кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду, было даручана кіраўніком дзяржавы на нарадзе па пытаннях рэгіянальнага развіцця 2 красавіка 2019 года.

БЕЛТА.