У Віцебскай вобласці працуюць 17 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для самотных пажылых людзей

15 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў адкрыецца сёння ў вёсцы Баруны Браслаўскага раёна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па працы, сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва Браслаўскага райвыканкама Людміла Цецера. Аддзяленне на 30 месцаў створана на базе былой базавай школы. На рамонт і абсталяванне памяшканняў было накіравана больш за Br90 млн з сродкаў Фонду сацыяльнай абароны і бюджэту раёна. Першымі новасёламі сталі 12 адзінокіх старых з далёкіх вёсак і хутароў, яшчэ 18 чалавек праходзяць медыцынскае абследаванне і неўзабаве пераселяцца на зімовую кватэру. Догляд за пажылымі людзьмі будуць ажыццяўляць 16 штатных работнікаў, у тым ліку медсястра-дыетолаг. Кваліфікаваную медыцынскую дапамогу пры неабходнасці яны змогуць атрымаць у вясковым фельчарска-акушэрскім пункце. Аддзяленне ў Барунах стала першым у Браслаўскім раёне і семнаццатым па ліку ў Віцебскай вобласці. Догляд і дапамогу ў іх атрымліваюць 545 старых. У бліжэйшы час аддзяленне для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў адкрыецца ў Гарадоцкім раёне. -0-