У Віцебскай вобласці раскрываецца толькі 38% крадзяжоў
10 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Праваахоўным органам Віцебскай вобласці неабходна павысіць раскрывальнасць злачынстваў. Пра гэта заявіў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле даных пракурора Віцебскай вобласці Генадзя Дыско, на працягу трох апошніх гадоў паказчык раскрывальнасці ўчыненых на тэрыторыі вобласці злачынстваў не падымаўся вышэй за 60%, а па лініі крымінальнага вышуку ні разу не перавысіў 50-працэнтны бар'ер. У цяперашні час раскрывальнасць па лініі крымінальнага вышуку, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, застаецца адной з найніжэйшых у рэспубліцы. Як паказвае практыка, нізкая выніковасць у выяўленні і раскрыцці злачынстваў у значнай ступені выклікана неналежнай арганізацыяй працы аператыўных супрацоўнікаў, недахопамі і ўпушчэннямі пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, частай зменай кіраўнічага і аператыўнага складу гарадскіх і раённых аддзелаў унутраных спраў, а парой і безадказным стаўленнем службовых асоб да выканання сваіх службовых абавязкаў.
Начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найденка канстатаваў, што раскрывальнасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у вобласці мае тэндэнцыю да росту і дасягае 84%. Разам з тым у структуры злачыннасці 75% прыпадае на крадзяжы, раскрывальнасць якіх складае 38%. "Бестурботнасць грамадзян і суб'ектаў гаспадарання - асноўная прычына гэтых злачынстваў", - падкрэсліў ён. Часта заявы ў міліцыю аб учыненых крадзяжах паступаюць ад суб'ектаў гаспадарання праз некалькі месяцаў, што робіць раскрыццё злачынства практычна немагчымым. Уласнiкi не прымаюць належных мер па ахове маёмасці. У выніку праверкі 2 тыс. аб'ектаў, якія знаходзяцца пад аховай вартавых, на 33 з іх ахоўнікі адсутнічалі, а на 163 знаходзіліся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.
Старшыня аблвыканкама запатрабаваў ад праваахоўных органаў прыкласці ўсе намаганні для выканання прынцыпу непазбежнасці пакарання. Пры гэтым ён падкрэсліў, што недапушчальныя фальсіфікацыі, адпіскі, падтасоўкі фактаў. На яго думку, УУС Віцебскага аблвыканкама неабходна ўжосточыць попыт з супрацоўнікаў. У сваю чаргу мясцовым органам улады неабходна ўсяляк садзейнічаць праваахоўным органам і забяспечыць неабходныя ўмовы працы і побыту супрацоўнікам праваахоўных органаў, падкрэсліў Аляксандр Косінец. У прыватнасці, размова ідзе аб забеспячэнні ўсіх участковых інспектараў транспартам і жыллём на падкантрольных ім тэрыторыях. Да таго ж аблвыканкам сумесна з райвыканкамамі гатовы разгледзець магчымасць прадастаўлення гэтага жылля ва ўласнасць на пэўных умовах.-0-