У Віцебскай вобласці распрадалі на металалом пускавыя шахты ракетных установак
У ходзе праверкі супрацоўнікі КДК сумесна з БЭЗП УУС аблвыканкама ўстанавілі, што на тэрыторыі Пастаўскага раёна ў былым ваенным гарадку вёскі Цешалава праведзена ўскрыццё былых пускавых ракетных установак шахтнага тыпу з наступным частковым іх дэмантажом. Разбураны ахоўныя каўпакі, выняты металічныя канструкцыі, якія ў якасці лому чорных металаў рэалізаваны прадпрыемству «Віцебскдругасплав». Грашовыя сродкі ў суме 760 мільёнаў рублёў у бюджэт Пастаўскага раёна не паступілі, хоць дадзены аб'ект з'яўляецца дзяржаўнай маёмасцю, перададзенай у ўласнасць раёна.
Як высветлілася, названыя работы праводзіліся падрадчыкам — прыватным прадпрыемствам — у адпаведнасці з дагаворам, заключаным ДП «УКС Пастаўскага раёна» з парушэннем дзеючага заканадаўства без рашэння райвыканкама. Арыенціровачны кошт дагавора па ўтылізацыі гэтых шахт склаў 14 мільярдаў беларускіх рублёў.
Адважны дырэктар прыватнага прадпрыемства заключыў дагавор, у першую чаргу для таго, каб прадставіць яго ў банк і атрымаць крэдыт на суму 210 тысяч еўра. Дагавор у гэтай сітуацыі з'яўляўся залогам пагашэння доўгу перад банкам. Крэдыт быў патрэбны для набыцця спецтэхнікі на выкананне будаўнічых работ.
У цяперашні час чатыры калодзежы дыяметрам каля пяці і глыбінёй да 40 метраў знаходзяцца ў адкрытым стане, часткова залітыя грунтавымі водамі. Доступ да аб'екта, які ўяўляе пагрозу для жывёльнага свету і людзей, не абмежаваны.
Матэрыялы праверкі накіраваны ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.
Па матэрыялах Дзяржкантролю падрыхтавала Ларыса ВАЛКОВА, "Віцьбічы"