У Віцебскай вобласці расце сярод фізасоб папулярнасць электронных сэрвісаў МПЗ

У Віцебскай вобласці колькасць грамадзян, якія ўзаемадзейнічаюць з падатковымі органамі з дапамогай электроннага сэрвісу "Асабісты кабінет", вырасла за год амаль у 1,5 раза, паведамілі ў прэс-службе абласной падатковай інспекцыі.

Паводле даных на пачатак ліпеня 2019 года, больш за 92 тыс. фізічных асоб падключаны да асабістага кабінета плацельшчыка, тады як год таму з дапамогай гэтага сэрвісу ўзаемадзейнічалі з падаткоўцамі каля 65 тыс. жыхароў вобласці. Аб росце папулярнасці электронных сэрвісаў сведчыць і такі факт: у 2019 годзе амаль 1,1 тыс. плацельшчыкаў прадставілі падатковыя дэкларацыі па падаходным падатку ў электронным выглядзе, скарыстаўшыся магчымасцямі сэрвісу "Асабісты кабінет", а гэта каля 40% ад агульнай колькасці тых, хто справаздачыў аб даходах за 2018 год. Таксама ўзаемадзейнічаюць з падатковымі органамі ў электронным выглядзе больш за 26 тыс. суб'ектаў гаспадарання, або каля 80%.

Дзякуючы электронным сэрвісам удаецца не толькі забяспечваць плацельшчыкам камфортныя ўмовы выканання падатковых абавязацельстваў, але і павышаць якасць падатковага адміністравання, падкрэслілі ў прэс-службе. Выбудоўваючы партнёрскія адносіны з падаткаплацельшчыкамі, падатковыя органы надаюць вялікую ўвагу развіццю новых фарматаў узаемадзеяння, у тым ліку стварэнню цэнтраў абслугоўвання плацельшчыкаў.

Сёння ў Віцебскай вобласці дзейнічаюць тры такія цэнтры - у Віцебску, Аршанскім і Віцебскім раёнах. ЦАПы аказваюць больш за 60 відаў паслуг. Сярэдні час абслугоўвання аднаго кліента не перавышае пяці хвілін. Да канца года плануецца адкрыць яшчэ два цэнтры на базе інспекцый па Першамайскім і Чыгуначным раёнах абласнога цэнтра. Усяго за студзень-чэрвень 2019 года ў кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці паступіла амаль Br780 млн, у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт Br93,6 млн, у мясцовую казну - больш Br680 млн. Асноўнымі даходнымі крыніцамі бюджэту вобласці з'яўляюцца падаходны падатак, удзельная вага якога ў паступленнях склала 32%, а таксама акцызы (16,7%), падаткі на прыбытак (9,3%), нерухомасць (7%), ПДВ (6%).

БЕЛТА.