У Віцебскай вобласці распрацуюць «дарожную карту» для інвестараў
Для павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння з інвестарамі на Віцебшчыне будзе распрацавана «дарожная карта» ў выглядзе мадэльнага алгарытму дзеянняў па рэалізацыі праектаў на аснове інвестыцыйных дагавораў. Гэты інфармацыйны прадукт прызначаны зрабіць інвестыцыйны працэс максімальна камфортным.
Пра гэта ішла размова на пасяджэнні аблвыканкама 26 мая, падчас якога аналізавалася практыка прымянення інвестдагавораў як інструмента для рэалізацыі прыярыттных задач па развіцці гарадоў і раёнаў, а таксама ў цэлым Прыдзвінскага краю. Напярэдадні абмеркавання, першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў адзначыў, што Дэкрэт №10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» вызначае канкрэтны пералік мер дзяржпадтрымкі прымяняльна да кожнага праекта на аснове інвестдагавора аж да магчымасці прыняцця рашэнняў на самым высокім дзяржаўным узроўні. Нарматыўны акт дзейнічае ўжо амаль сем гадоў, за гэты час напрацавана практыка, давялося шмат чаму навучыцца, так што ёсць матэрыял для аналізу і выпрацоўкі падыходаў па ўдасканаленні гэтай дзейнасці. Тым больш што, як аказалася, ведаць шлях і прайсці па ім – гэта не адно і тое ж.
Статыстычная аснова для аналітыкі выглядае так. Усяго на Віцебшчыне заключана 173 інвестыцыйныя дагаворы на агульную суму каля 23,3 трлн рублёў. З іх больш за траціну праектаў ужо ўвасоблена ў жыццё (асвоена 3,1 трлн руб., створана звыш 3,2 тыс. працоўных месцаў). Яшчэ больш за траціну – не рэалізавана па розных прычынах. Цяпер у працы 46 дагавораў (26,6% ад агульнай колькасці падпісаных) амаль на 17 трлн руб., пры гэтым іх пятая частка буксуе. У тым ліку па 60 дагаворах прадугледжвалася прыцягненне замежных інвестыцый, з іх паспяхова завершана або яшчэ рэалізуецца больш за палову праектаў на суму каля 390 млрд руб., астатнія так і засталіся на паперы.
Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, сёння найважнейшай з задач па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў з'яўляецца стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў. На Віцебшчыне за кошт з'яўлення новых
прадпрыемстваў і вытворчасцей неабходна працаўладкаваць каля 3,3 тыс. чалавек, але аб'ектыўна гэты паказчык трэба павялічыць амаль удвая – гэтага патрабуе складаючаяся сітуацыя. З такога ракурсу і варта разглядаць дзейнасць мясцовых улад па інвестыцыйных дагаворах. Пакуль жа большасць раёнаў працуе ў гэтым напрамку ніжэй сваіх магчымасцей: шэраг выканкамаў актыўна ініцыююць заключэнне інвестдагавораў, але большасць з іх не даходзіць нават да этапу экспертызы. Адміністрацыі некаторых рэгіёнаў самастойна не падрыхтавалі за гэты перыяд ніводнага праекта.
Адным з асноўных і найбольш распаўсюджаных недахопаў у практыцы мясцовых улад з'яўляецца нізкі ўзровень гатоўнасці інвестыцыйных прапаноў. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб тым, што часта не вызначаны паказчыкі эфектыўнасці праектаў, адсутнічаюць разлікі па збыце прадукцыі, няма апісанняў неабходных тэхналогій для забеспячэння канкурэнтаздольнасці. Нярэдка не гатовыя прапановы па падборы найбольш прывабных для канкрэтнага праекта зямельных участкаў, слаба прапрацаваны пытанні рэсурснага забеспячэння, не праводзіцца ацэнка кадравага патэнцыялу рэгіёну. Гэта базавыя рэчы, з якіх варта пачынаць працэс пераканання патэнцыйных інвестараў у неабходнасці ўкладвацца ў развіццё таго ці іншага раёна, падкрэсліў Алег Мацкевіч.
Таксама большасць выканкамаў абмяжоўвае свае інвестыцыйныя патрэбы праектамі, якія прадугледжваюць узвядзенне гандлёвых цэнтраў або пашырэнне інфраструктуры паслуг.
– Гэта, вядома, трэба, але для многіх раёнаў стратэгічна больш важна рабіць упор на стварэнні новых прамысловых прадпрыемстваў або сельгасвытворчасцей, а такіх прапаноў практычна няма, – канстатаваў намеснік старшыні аблвыканкама.
Нядаўні інвестыцыйны форум у Віцебску паказаў, што патэнцыйныя партнёры актыўна цікавяцца праектамі па перапрацоўцы драўніны, узвядзенні біягазавых установак, шукаюць магчымасці па арганізацыі выпуску камплектуючых для машынабудавання, гатовыя супрацоўнічаць у сферы вытворчасці водаачыснага абсталявання, пад'ёмных механізмаў,
кабельнай прадукцыі, будматэрыялаў, транспартных паслуг. Іншымі словамі, попыт ёсць, але для яго задавальнення неабходна пераходзіць да прамога дыялогу з інвестарам і ўмець пісьменна пераконваць, дадаў Алег Мацкевіч. Тут абласныя ўлады гатовы падставіць плячо ўсім удзельнікам інвестыцыйнага працэсу. Да канца чэрвеня на Віцебшчыне плануецца распрацаваць «дарожную карту» для рэалізацыі інвестыцыйных дагавораў, якая будзе ўяўляць сабой парадак дзеянняў на ўсіх этапах рэалізацыі праектаў ад іх распрацоўкі і прэзентацыі да запуску аб'екта ў эксплуатацыю.
Сяргей Антонаў. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».