У Віцебскай вобласці распрацавана сістэма бонусаў і даплат для маладых зааветспецыялістаў

Тысячарублёвы бонус да зарплаты маладых спецыялістаў карыстаецца папулярнасцю на Віцебшчыне і прыносіць адчувальны эфект    

Каля тысячы маладых спецыялістаў штогод папаўняюць прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны. У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама назвалі лічбы: прыкладна 250 выпускнікоў ВНУ, амаль 300 хлопцаў і дзяўчат са сярэдняй спецыяльнай і амаль 500 — з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй прымуць тут і сёлета.

— Нягледзячы на такое саліднае папаўненне, — акцэнтуе ўвагу старшыня аблсельгасхарча Сяргей Ягораў, — праблема з кадрамі існуе. Што тычыцца спецыялістаў заатэхнічнага і ветэрынарнага напрамкаў — яна найбольш вострая. У нас не хапае прыкладна 120 ветурачоў і каля 140 заатэхнікаў. Кожная сёмая штатная пасада вакантная.

Малады спецыяліст Яна Марковіч.

Сяргей Валер’евіч называе і галоўную прычыну такой сітуацыі — нізкі працэнт замацавання маладых кадраў на вёсцы. Але ёсць і нагода для радасці:

— Спадзяёмся, у бліжэйшыя гады становішча на рынку працы зменіцца, — тлумачыць кіраўнік. — Менавіта з гэтай мэтай мы і ўводзілі новаўвядзенні па аплаце працы ў аграпрамысловых аб'яднаннях. Ст​ымул больш чым прывабны: тым маладым заатэхнікам і ветурачам, хто заключае з сельгаспрадпрыемствам кантракт на пяць гадоў, мы штомесяц даплачваем тысячу рублёў. І калі ў сакавіку 2021-га ў спісе суіскальнікаў для гэтага бонуса было ўсяго 23 чалавекі, то цяпер — каля 70 маладых спецыялістаў. Прыемна, што павялічваецца і колькасць рабят, якія паступаюць вучыцца па мэтавых накіраваннях.

Сёлета мэтавікамі сталі 167 студэнтаў і 29 навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, падпарадкаваных Мінсельгасхарчу. Гэта значна больш, чым было падчас мінулай уступнай кампаніі. Сельхозпрадпрыемствы ідуць насустрач: больш за 90 працэнтаў гэтых рабят будуць атрымліваць салідны плюс да стыпендыі — ад 5 да 10 базавых велічынь. Найбольшая колькасць такіх стыпендыятаў прыступіла да вучобы ппа напрамках Глубокскага і Віцебскага аграпрамысловых аб'яднанняў.

Каб даведацца, як абуладкаваліся на новым месцы спецыялісты — учорашнія мэтавікі, едзем у Гарадоцкі раён. Сёння прыгранічны рэгіён вельмі мае патрэбу ў маладых і ініцыятыўных кадрах. Блізкасць абласнога цэнтра і Расійскай Федэрацыі негатыўна ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю. Працягласць раёна — пад 100 кіламетраў. А ў кожнай пятай вёсцы з 333 наогул няма жыхароў. Насельніцтва звыш 170 вёсак — ад аднаго да дзесяці чалавек. Нядзіўна, што юнакі і дзяўчаты, скончыўшы школу, часта аддаюць перавагу шукаць больш камфортнае месца для далейшага жыцця.

Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гарадоцкага райвыканкама Сяргей Ермаковіч падкрэслівае:

— Мы шчыльна працуем з выпускнікамі школ, распавядаем пра тое, што ў нашага раёна ёсць свая спецыфіка, якой можна і трэба па-гаспадарску распарадзіцца. Так, халоднае і непрадказальнае надвор'е, нізкая бальнасць, слабая ўраджайнасць, шмат свабодных земляў… Але у любым мінусе ёсць свой плюс. Напрыклад, поле адпачывала гадоў дзесяць — так гэта сёння выдатная магчымасць заняцца арганічным земляробствам. Вунь які попыт на экалагічна чыстую прадукцыю, выгадаваную без пестыцыдаў і хімічных угнаенняў. Так, буйное сельгаспрадпрыемства сабе такой тонкай спецыялізацыі дазволіць не можа, а вось прыватнік — цалкам. Вучыцеся, атрымлівайце спачатку прафесію, потым — вопыт. І адкрывайце свой бізнес, а мы заўсёды і ва ўсім падтрымаем.

Дарэчы, суразмоўнік не хавае: інвестары і прадпрымальнікі ўсё часцей зазіраюць у прыгранічны раён. Так, менавіта на гарадоцкай зямлі закладзены 300-гектарныя плантацыі міскантуса — экзатычнай культуры, якая можа выкарыстоўвацца як сыравіна для вырабу паліўных пелет, як заменнік дрэва пры вытворчасці паперы і нават у нафта­хімічнай галіне. У «рызыкоўнай зоне» абгрунтаваўся і фермер, які паспяхова вырошчвае цяпер па самых перадавых тэхналогіях 5 гектараў клубніц…

Сёлета на першае працоўнае месца тут прынялі 15 маладых спецыялістаў, з іх 10 — з вышэйшай адукацыяй. Напрыклад, ва УП «Паўночны» адразу ж залічылі ў штат пяць аграномаў, ветурача і ветфельчара.

Усіх забяспечылі жыллём, і ўсе гараць энтузіязмам. Вось і ў нядаўняй выпускніцы Віцебскай ветэрынарнай акадэміі Яны Марковіч, якая толькі пачынае кар'еру ў Гарадоцкім раёне, ёсць свае планы на будучыню. З маладым спецыялістам мы знаёмімся на раённай ветстанцыі, дзе Яна ўжо чатыры месяцы працуе на пасадзе ўрача-вірусолага, сочыць за здароўем усяго пагалоўя Гарадоцкага раёна.

— Я першы ветурач у сям'і, — распавядае гераіня. — Хто прывіў любоў да жывёл? Мабыць, сібірскі кот Ціхан. Ён мяне ў дзяцінстве выхоўваў, а я — яго, — смяецца дзяўчына. — Так і пайшла ў Лужаснянскі агракаледж — філіял ветэрынарнай акадэміі. Цяпер збіраюся завочна атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Днямі Яна, як малады спецыяліст, атрымала ключы ад сваёй першай кватэры — ёй выдзелілі арэнднае жыллё. Наперадзе — рамонт і ўладкаванне. Віцяблянка кажа, у Гарадку вельмі прыгожа, ды і моладзі нямала. Сумаваць дакладна не давядзецца. Тым больш праца займае нямала часу.

— Дзякуй старэйшым калегам, дапамагаюць, падтрымліваюць, — удзячная за ўдзел Яна. — Я ж вучылася па мэтавым накіраванні, тут і практыку праходзіла. Прыбыла па імяннай заяўцы. Працаваць цікава, даведваюся шмат новага. Зарплаты хапае, патроху адкладаю на аплату будучай вучобы. Мэта — стаць высокакласным спецыялістам у сваёй галіне. Сёння будучыня вёскі ў першую чаргу залежыць ад таго, хто тут працуе і наколькі магутны ў яго багаж ведаў і вопыту. Спадзяюся набыць і тое, і другое. Без такой моцнай базы ў жыцці не абысціся…