У Віцебскай вобласці распрацавана схема аховы Заходняй Дзвіны да 2020 года

В Витебской области разработана схема охраны Западной Двины до 2020 года

У Віцебскай вобласці распрацавана схема аховы Заходняй Дзвіны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пётр Дук.

Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ў 2012 годзе распрацаваў схему комплекснага выкарыстання і аховы вод басейна Заходняй Дзвіны да 2020 года, у якой даецца ацэнка сучаснага стану і перспектывы выкарыстання ракі. Таксама яна ўключае шырокі комплекс прыродаахоўных мерапрыемстваў, у тым ліку будаўніцтва ачышчальных збудаванняў, мадэрнізацыю і рэканструкцыю дзеючых збудаванняў, абваловку небяспечных аб'ектаў, вынас аб'ектаў з водаахоўных зон і іншыя. Схема гарманічна і поўна дапаўняе мерапрыемствы Віцебскай абласной праграмы "Чыстая вада".

У канцы лютага схема была адобрана Мінпрыроды і ў цяперашні час перададзена ў Віцебскі аблвыканкам. "Мы рыхтуем цяпер рашэнне аблвыканкама па яе зацвярджэнні, у якім будуць вызначаны аб'ём і крыніцы фінансавання", - адзначыў Пётр Дук. Ён таксама падкрэсліў, што Заходняя Дзвіна праходзіць праз большасць раёнаў рэгіёну, а таму пераацаніць значнасць дадзенага праекта для ўсёй Віцебскай вобласці складана.

"Наступны этап стратэгіі аховы водных рэсурсаў рэгіёну прадугледжвае распрацоўку аналагічнай схемы для аховы ракі Дняпро, да басейна якой адносяцца Аршанскі, Талачынскі, Дубровенскі і Чашніцкі раёны", - дадаў Пётр Дук, адзначыўшы, што для Нёмана (Пастаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі раёны) такая схема ўжо зацверджана.

Па колькасці водных аб'ектаў Віцебская вобласць займае першае месца ў рэспубліцы: на яе тэрыторыі размешчана каля 1,8 тыс. азёр агульнай плошчай больш за 900 кв.км, 16 водасховішчаў, дзве вялікія рэкі - Заходняя Дзвіна і Дняпро, звыш 5 тыс. малых рэк агульнай працягласцю 9 тыс.км, у тым ліку трансгранічныя водныя аб'екты. Аб'ём рачнога сцёку ў 2011 годзе склаў па вобласці 18,2 куб.км/год. Выманне рачных вод для выкарыстання - 0,1 куб.км/год. Рэсурсы падземных вод рэгіёну па стане на 1 студзеня 2012 года складаюць 3,36 куб.км/год (другое месца ў рэспубліцы пасля Мінскай вобласці). Здабыча падземных вод для выкарыстання ў 2012 годзе па вобласці склала 0,106 куб.км/год, або трэць ад эксплуатацыйных запасаў (0,33 куб.км/год). На тэрыторыі вобласці разведана 25 радовішчаў мінеральных падземных вод, з якіх распрацоўваюцца 9.

Водакарыстальнікі рэгіёну маюць на сваім балансе звыш 5,3 тыс. водазаборных свідравых калодзежаў. Аснашчанасць дзейных крыніц водазабеспячэння водавымяральнымі прыладамі - 99,7%. У мэтах зніжэння ўзроўню забруджвання падземных вод з 2009 года затампанавана 177 водазаборных свідравых калодзежаў. Таксама ў рэгіёне налічваецца 1 тыс. 162 суб'екта гаспадарання, дзейнасць якіх звязана з выкарыстаннем вод, 573 з іх ажыццяўляе спецыяльнае водакарыстанне. 91 водакарыстальнік мае на сваім балансе 255 збудаванняў па ачыстцы сцёкавых вод, з іх 151 з выпускам сцёкавых вод у водныя аб'екты.