У Віцебскай вобласці разведана 34 радовішчы прэсных падземных вод

9 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці на пачатак 2011 года разведана 34 радовішчы прэсных падземных вод, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Упершыню дзяржаўнае прадпрыемства "БелНДРГ" дэпартамента па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацавала Каталог разведаных радовішчаў прэсных падземных вод на тэрыторыі Віцебскай вобласці. На думку спецыялістаў, ён будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці выкарыстання разведаных радовішчаў прэсных падземных вод. У каталогу прыводзіцца інфармацыя аб зацверджаных запасах падземных вод, іх хімічным складзе, геалагічнай будове водазабораў, а таксама іншыя даныя аб радовішчах. Падземныя воды могуць выкарыстоўвацца для цэнтралізаванага гаспадарча-пітнога водазабеспячэння абласных гарадоў, раённых цэнтраў і іншых населеных пунктаў. Так, па даных каталога, у Віцебскай вобласці на 1 студзеня 2011 года разведана 34 радовішчы прэсных падземных вод, 16 з іх з'яўляюцца дзеючымі. З агульнай колькасці дзеючых сем знаходзяцца ў Віцебску. На працягу 2011-2012 гадоў трэба будзе правесці пераацэнку эксплуатацыйных запасаў па 3 эксплуатаваных і 7 не эксплуатаваных радовішчах прэсных вод Віцебскай вобласці. Разам з тым некаторыя водазаборы ў рэгіёне эксплуатуюцца без пераацэнкі запасаў, што з'яўляецца парушэннем Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб нетрах. Напрыклад, заканчэнне разліковага тэрміну эксплуатацыйных запасаў для радовішча "Спорыца" ў Паставах наступіла ў 2002 годзе, аршанскага радовішча "Елінава" - у 2004 годзе. Прэсныя і мінеральныя падземныя воды, заключаныя ў нетрах Рэспублікі Беларусь, з'яўляюцца найкаштоўнейшым нацыянальным багаццем краіны. Падземныя воды пітной якасці маюць жыццёва важнае значэнне для забеспячэння насельніцтва абароненым ад тэхнагеннага забруджвання крыніцай водазабеспячэння. Большасць сусветных запасаў прэснай вады сканцэнтравана ў ледніках Антарктыды і Грэнландыі. Трэцяя па велічыні крыніца вады - падземныя воды. -0-