У Віцебскай вобласці развіваецца рэлігійны турызм
У Віцебскай вобласці развіваецца рэлігійны турызм. Пра гэта распавёў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, які прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Паводле яго слоў, увага ўладаў да добраўпарадкавання гарадоў, аб'ектаў духоўнай сферы павысілі да іх цікавосць з боку турыстаў. "Сёння назіраецца прыток паломнікаў, якія жадаюць убачыць Свята-Успенскі і Свята-Пакроўскі кафедральныя саборы, Васкрэсенскі храм, Дабравешчанскую царкву ў абласным цэнтры з пераездам у Полацк для наведвання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра і іншых культавых аб'ектаў гэтага старажытнага горада", - сказаў Аляксандр Косінец. Разам з гэтым ён таксама адзначыў той факт, што Віцебск стаў цікавы і гандлем. Гэтаму спрыяла ўвядзенне такіх буйных аб'ектаў, як бізнес-цэнтр "Марка-сіці" і гандлёвы цэнтр "Еўраопт". Усяго ж за апошнія тры гады ў рэгіёне ўведзена ў эксплуатацыю больш за 250 аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання.
Акрамя таго, старшыня Віцебскага аблвыканкама адзначыў значны рост экспарту медуслуг у рэгіёне. "У цяперашні час самы высокі тэмп экспарту медыцынскіх паслуг - у Віцебскай вобласці. За дзевяць месяцаў ён вырас у 1,9 раза ў параўнанні з узроўнем мінулага года. У выніку аказання платных, у тым ліку экспартных паслуг, нашы ўстановы аховы здароўя ўжо зарабілі ў гэтым годзе больш за Br100 млрд.", - падкрэсліў губернатар, адзначыўшы, што праца па ўзвядзенні новых і рэканструкцыі дзеючых медустаноў вядзецца якасна, акуратна, прадумана і не для справаздачы.
Значна вырасла ў вобласці аказанне паслуг і па іншых напрамках, дадаў старшыня аблвыканкама. Так, за студзень-верасень аказанне турыстычных паслуг павялічылася ў 2,5 раза, будаўнічых - у 3,1 раза. Высокія тэмпы дасягнуты таксама ў іншых сферах аказання паслуг.