У Віцебскай вобласці з 25 снежня да канца зімы забароняць лавіць наліма

З 25 снежня 2020 года па 28 лютага 2021 года ўводзіцца забарона на лоўлю наліма ў Віцебскай вобласці, паведаміў намеснік начальніка інспекцыі – начальнік аддзела дзяржаўнага кантролю Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Вячаслаў Салдаценка.

Лавіць наліма забаронена ўсімі прыладамі рыбалоўства. Нельга таксама знаходзіцца з гэтым відам рыбы на адлегласці 1 км ад берага рыбалоўных угоддзяў.

Забарона ўводзіцца для захавання рэсурсаў і стварэння спрыяльных умоў для узнаўлення рыбы. Здабыча наліма падчас забароны абыдзецца парушальнікам у буйную суму – 27 базавых велічынь (1 БВ – Br27) за кожную асобіну.

Налім – адзіны прэснаводны прадстаўнік сямейства трасковых. На нераст ідзе невялікімі зграйкамі, якія складаюцца з самкі і некалькіх самцоў. Нерастуецца на дробных месцах (перакатах) са хуткім цячэннем і пясчаным або камяністым дном. Адкладванне ікры адбываецца са снежня па люты. Пры вялікіх маразах нераст працякае актыўней, пры адлігах расцягваецца на месяц і больш.

БЕЛТА.