У Віцебскай вобласці з моманту ўступлення ў сілу Дэкрэта №10 заключана 24 інвестдагаворы на Br350 млрд.

1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. З моманту ўступлення ў сілу Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі №10 "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" у Віцебскай вобласці заключана 24 інвестыцыйныя дагаворы на суму каля Br350 млрд., паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. З гэтых дагавораў 22 заключаны ў 2010 годзе. Іх рэалізацыя запланавана на 2011-2015 гады. З удзелам замежнага капіталу ажыццяўляюцца буйныя інвестыцыйныя праекты: будаўніцтва гіпермаркета на Бешанковіцкай шашы ТАА "Тытунь-інвест", рэканструкцыя гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на Маскоўскім праспекце ААТ "Дэвелапер груп", арганізацыя вытворчасці плінтусаў з ПВХ ІП "Дэкора Іст". Падпісаны інвестыцыйны дагавор з ТАА "КАЛЛЕ" па будаўніцтве шматфункцыянальнага цэнтра ў Віцебску, які будзе ўключаць у сябе аб'екты гандлю, спорту, адпачынку для дзяцей і дарослых і іншыя сацыяльна значныя аб'екты. Аб'ём інвестыцый складзе Br62 млрд. ААТ "Супрацоўніцтва" прыступіла да рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве ў Віцебску супермаркета харчовых тавараў і гандлёва-забаўляльнага цэнтра на Маскоўскім праспекце ў мікрараёне Білева з агульнай плошчай каля 12 тыс. кв.м і аб'ёмам інвестыцый Br30 млрд. Для аказання садзейнічання інвестарам у вобласці распрацаваны мадэльныя бізнес-планы па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей у сферы перапрацоўкі адходаў драўніны, па выпуску пелет, арганізацыі прыдарожнага сэрвісу, стварэнню транспартна-лагістычных цэнтраў. Праведзена актуалізацыя базы даных па інвестыцыйных праектах прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, якія патрабуюць пошуку інвестараў для іх рэалізацыі. На сайце Віцебскага аблвыканкама размешчана больш за 185 інвестыцыйных праектаў на агульную суму амаль $950 млн. У пошуку інвестараў вобласці дапамагаюць пасольствы рэспублікі, МЗС. Кажучы аб перспектывах інвестыцыйнай дзейнасці ў рэгіёне, Аляксандр Косінец паведаміў аб дамоўленасцях, дасягнутых падчас Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Франкфурце-на-Майне. Так, падпісаны пратакол аб намерах супрацоўніцтва паміж Віцебскім аблвыканкамам і нямецкай фірмай "Lingl" ТАА па будаўніцтве завода па вытворчасці парызваных керамічных сценавых панэляў на базе Обальскага керамічнага завода з планаваным аб'ёмам інвестыцый больш за 13 млн. еўра. СЭЗ "Віцебск" і кампанія "Гарант Інтэрнешнл Хандэльсагентур" падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якім прадугледжваецца арганізаваць на тэрыторыі СЭЗ вытворчасць тэрмафібралітавых пліт. Акрамя таго, плануецца да падпісання інвестыцыйны дагавор з СТАА "Гідрамастбел" па будаўніцтве турыстычнага комплексу "Канты клуб" у Міёрскім раёне. Вядуцца перамовы з чэшскай кампаніяй па рэалізацыі праекта "Лагістычны цэнтр Віцебск" у раёне аэрапорта Віцебск (Усходні). Праводзіцца работа па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва і развіццё транспартна-прамыслова-лагістычнага цэнтра аптовага гандлю міжнароднага значэння "БелЭкспаЛаг" на базе ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод". Кітайскай кампаніі "CBT Дэвелапмент Логістыкс Лімітэд" прадастаўлены статус інвестыцыйнага агента ў дачыненні да названага праекта. У цяперашні час вырашаюцца пытанні прапрацоўкі транспартнага канала будучага лагістычнага цэнтра і ажыццяўлення пробных авіяпаставак кітайскіх тавараў.-0-