У Віцебскай вобласці з пачатку года выдадзена 50,6 тысячы дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху

В Витебской области с начала года выдано 50,6 тысячи разрешений на допуск транспортных средств к участию в дорожном движении
Калі вы ўсё яшчэ думаеце, калі адправіць на тэхагляд свайго «жалезнага каня», то лепш не цягнуць, а сабрацца і зрабіць гэта своечасова. На карысць гэтага рашэння ёсць некалькі аргументаў. Але спачатку трохі статыстыкі.

У Віцебскай вобласці больш за 500 тысяч транспартных сродкаў. Колькасць аўто расце як грыбы пасля дажджу. І ў гэтым пазітыўным руху важна, каб быў свой устояны парадак. Хаос прагрэсу не дапаможнік. У прынцыпе для гэтага і створана сістэма праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду транспартных сродкаў – усё для нашай з вамі бяспекі. Аднак на працягу апошніх сямі гадоў назіралася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння паказчыка праходжання тэхагляду. І вось з пачатку 2021-га на дыягнастычных станцыях аншлаг.

Вынікі працы сістэмы дзяржтэхагляду ў вобласці за 2,5 месяцы ўжо перавысілі паказчыкі першага паўгоддзя 2020-га: выдадзена 50,6 тысячы дазволаў, а гэта плюс 195% у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам.

Ажыятаж узнік не на пустым месцы. На сітуацыю паўплывалі заканадаўчыя навэлы, якіх чакалі, і пра якія ведае кожны ўладальнік транспартнага сродку. З 1 студзеня адменена дзяржпошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. А з 1 сакавіка ўступіў у дзеянне Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях у рэдакцыі Законаў Рэспублікі Беларусь №91-З і №92-З ад 06.01.2021. То бок заканадаўча замацавана магчымасць прыцягнення да адказнасці аўтовладальнікаў, якія не прайшлі своечасова дзяржтэхагляд, па выніках фотафіксацыі іх удзелу ў дарожным руху. Прадугледжана таксама, што ў выпадках, калі ўласнікамі транспартных сродкаў з'яўляюцца юрыдычныя асобы або індывідуальныя прадпрымальнікі, то да адказнасці ў выглядзе штрафу да 10 базавых велічынь прыцягваюцца не кіроўцы, а службовыя асобы арганізацый.

Як паведаміў на пасяджэнні камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры аблвыканкаме начальнік аддзела УП «Белтэхагляд» па Віцебскай вобласці Вільгельм Кішкоўскі, для вырашэння задач па правядзенні тэхнічнага агляду на тэрыторыі паўночнага рэгіёну дзейнічаюць 34 дыягнастычныя станцыі розных форм уласнасці, з іх – 31 стацыянарная і 3 – мабільныя. На дадзеных станцыях размешчана 37 ліній дыягностыкі, 27 з іх з'яўляюцца ўніверсальнымі і могуць абслугоўваць усе катэгорыі транспартных сродкаў.

Нагрузкі на станцыі нераўнамерныя: калі на дыягнастычных станцыях №231 і №167 у Віцебску за месяц выдадзена 1500 дазволаў, то на станцыях у Дубровне, Бешанковічах, Талачыне – 130 – 140.

Каб пазбегнуць страты часу для праходжання тэхагляду аўтаўладальнікам рэкамендуюць папярэдне запісвацца на сайце gto.by.

– Фактычна арганізацыя папярэдняга запісу на любую дыягнастычную станцыю на адзіным інфармацыйным партале дазволіць аўтаўладальнікам самастойна ацэньваць сітуацыю з загружанасцю дыягнастычных станцый і выбіраць найбольш аптымальныя варыянты, – лічыць Вільгельм Кішкоўскі.

Старшыня камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры аблвыканкаме, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус падкрэсліў, што праца дыягнастычных станцый павінна быць арганізавана выразна і эфектыўна, у зручны для ўсіх час. Усе планаваныя мерапрыемствы маюць адну галоўную мэту – бяспека на дарогах і зніжэнне колькасці ДТЗ.

Святлана ДЗЕДЗІНКІНА, Віцебск.