У Віцебскай вобласці самы высокі рост нараджальнасці і вяселляў у 2010 годзе быў у Шаркаўшчынскім раёне

26 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці самы высокі рост нараджальнасці і вяселляў у 2010 годзе адзначаны ў Шаркаўшчынскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама. Менавіта ў гэтым раёне ў мінулым годзе зафіксаваны самы высокі тэмп росту нараджальнасці - 112,5% да ўзроўню 2009 года (на свет з'явілася 171 дзіця). І часцей у параўнанні з папярэднім годам тут гучаў марш Мендэльсона: у шлюб уступілі 145 пар (125% да 2009 года). Характэрны і яшчэ адзін рэкорд Шаркаўшчынскага раёна. У мінулым годзе ён вызначыўся самымі моцнымі шлюбамі. Разводаў зарэгістравана ўсяго 37, або 66,1% да ўзроўню 2009 года, што з'яўляецца самым нізкім паказчыкам сярод усіх рэгіёнаў вобласці. Больш, чым у папярэднім годзе, за мінулы 2010 год нарадзілася дзяцей у Бешанковіцкім (175, або 105,4%), Віцебскім (410, або 103,5%), Глыбоцкім (422, або 112,5%), Докшыцкім (276, або 109,5%), Дубровенскім (200, або 105,3%) і Аршанскім (307, або 102,7%) раёнах. Сярод гарадоў абласнога падпарадкавання рост нараджальнасці адзначаецца толькі ў Наваполацку (1010, або 112,5%), дзе мясцовыя ўлады за нараджэнне дзіцяці прэміравалі кожную маладую маці. Гэтая мера была прынята ў горадзе ў пачатку 2010 года, каб выправіць неспрыяльную дэмаграфічную сітуацыю, якая склалася ў 2009 годзе. Тады ў Наваполацку на свет з'явілася 898 дзяцей, або 91,9% да ўзроўню 2008 года. Усяго ў мінулым годзе ў Віцебскай вобласці нарадзілася 12,4 тыс. дзяцей (97,8% да ўзроўню 2009 года). Памерлі больш за 20,5 тыс. чалавек, у тым ліку ад рэгулюемых знешніх прычын - 2,2 тыс., з іх 412 чалавек загінулі ад атручвання алкаголем.-0-