У Віцебскай вобласці сёння завяршаецца прыёмка школ да новага навучальнага года

16 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці сёння завяршаецца прыёмка школ да новага навучальнага года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. У 2010/2011 годзе для навучэнцаў адчыняць дзверы 584 школы. Упершыню школьны званок прагучыць у сярэдняй школе №46 у мікрараёне Білева-1. На ўзвядзенне аб'екта, разлічанага на 930 месцаў, было накіравана каля Br30 млрд., фінансаванне ажыццяўлялася з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. У цэлым на рамонтныя работы і закупку новай мэблі для навучальных устаноў вобласці асвоена каля Br77 млрд. Сёлета ў рэгіёне працягнулася аптымізацыя сеткі школьных навучальных устаноў, у рамках якой 16 школ зачынена, 22 установы адукацыі рэарганізаваны, адзначыў Іван Шчурок. Ён таксама падкрэсліў, што ўсе педагогі з зачыненых школ пераведзены на новае месца працы. Разам з імі да працы прыступяць 466 маладых настаўнікаў. Іх вучнямі стануць звыш 114 тыс. дзяцей, у тым ліку 10,25 тыс. першакласнікаў.-0-