У Віцебскай вобласці сеткавыя гандлёвыя кампаніі выяўляюць цікавасць да працы на вёсцы

У Віцебскай вобласці сур'ёзную цікавасць да працы па ўказе №345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання" праяўляюць сеткавыя кампаніі. Пра гэта паведаміла сёння на брыфінгу начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама Ірына Леўковіч.

"На сённяшні дзень у Віцебскай вобласці першымі на магчымасць працаваць па ўказе адрэагавалі сеткавыя кампаніі. Пакуль менавіта яны праяўляюць найбольшую актыўнасць і цікавасць да працы на сяле з улікам новых магчымасцей. Аб намерах некаторых з іх мы ўжо ведаем, але агучваць канкрэтныя дадзеныя пакуль заўчасна", - канстатавала Ірына Леўковіч.

З боку індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія жадаюць працаваць па ўказе, у рэгіёне пакуль не назіраецца асаблівай актыўнасці. "Райвыканкамамі праводзіцца вельмі шырокая інфармацыйна-тлумачальная работа. З моманту прыняцця дакумента ўжо праведзена больш за 60 семінараў. Яна прынясе свае вынікі: мы прагназуем, што рух адназначна будзе", - адзначыла начальнік упраўлення.

Па словах Ірыны Леўковіч, у адпаведнасці з рашэннем абласнога Савета дэпутатаў у Віцебскай вобласці ў пералік населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне ўказа №345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання", увайшло больш за 5,5 тыс. населеных пунктаў, або 88% ад іх агульнай колькасці. Для індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб, якія хочуць займацца рознічным гандлем, грамадскім харчаваннем, аказаннем бытавых паслуг, па ўказе прадугледжаны падатковыя льготы і прэферэнцыі. Падатковыя льготы прадугледжваюць паніжаную стаўку падатку на прыбытак. Для плацельшчыкаў адзінага падатку пэўнай катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў стаўка падатку складае адну базавую велічыню ў месяц.

Шэраг прэферэнцый тычыцца пытанняў нерухомасці. У прыватнасці, на платнай аснове без правядзення аўкцыёну магчыма адчужэнне аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі ўстаноўленых населеных пунктаў. Таксама ёсць істотныя паслабленні ў частцы антыманапольнага заканадаўства: для сеткавых кампаній,

доля якіх на тэрыторыі названых рэгіёнаў ужо перавышае 20% у абароце, з'явілася магчымасць далейшага развіцця.

"На сённяшні дзень некаторыя праблемы з абслугоўваннем населеных пунктаў, перш за ўсё з малой колькасцю пражываючага насельніцтва, сапраўды ёсць. Аднак створаныя ўмовы дадуць штуршок развіццю бізнесу на вёсцы, а мы будзем рады любому, хто прыйдзе, таму што наша галоўная задача - прадаставіць там нармальную паслугу", - заключыла кіраўніца.

БЕЛТА.