У Віцебскай вобласці сфармуюць 60 выбарчых акруг па выбарах у абласны Савет дэпутатаў
Прапанова сфарміраваць 60 выбарчых акруг па выбарах у Віцебскі абласны Савет дэпутатаў 27-га склікання зацверджана сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і членаў Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Севярын, у параўнанні з выбарамі 2010 года агульная колькасць выбаршчыкаў у вобласці зменшылася больш чым на 8 тыс. чалавек, а ў абласным цэнтры павялічылася практычна на 5 тыс. У сувязі з гэтым у Віцебску будзе арганізавана не 15 (як было раней), а 16 выбарчых акруг. Новая акруга - Білеўская - будзе створана ў аднайменным мікрараёне.
Уладзімір Севярын таксама падкрэсліў, што практычна ўсе выбарчыя акругі ў абласным цэнтры ўтвораны ў межах існуючых раёнаў горада за выключэннем Праўдзінскага, у склад якога ўвайшла левабярэжная частка Чыгуначнага раёна і частка Кастрычніцкага раёна. Астатнія выбарчыя акругі размеркаваны наступным чынам: 2 у межах Чыгуначнага раёна, 5 у межах Кастрычніцкага і 8 у межах Першамайскага раёна.
На тэрыторыі Дубровенскага і Шаркаўшчынскага раёнаў будзе сфарміравана па 1 выбарчай акрузе, у Глыбокскім, Пастаўскім, Чашніцкім раёнах — па 2. Тэрыторыі астатніх сельскіх раёнаў удзельнічаюць у фарміраванні дзвюх акруг. Выключэнне складаюць Віцебскі раён (Акцябрскі сельсавет якога ўваходзіць у межы Лёзненскай выбарчай акругі, а Шапечынскі — у межы Сенненскай) і Докшыцкі раён (Бегамльскі сельсавет уваходзіць у межы Бароўскай выбарчай акругі, а Беразінскі і Тумілавіцкі — у межы Ушацкай выбарчай акругі). Бігосаўская акруга будзе сфарміравана з прылеглых тэрыторый Браслаўскага, Верхнядзвінскага і Мёрскага раёнаў. На тэрыторыі Аршанскага раёна будзе ўтворана 8 выбарчых акруг, у тым ліку 2 у сельскай мясцовасці і 6 у межах Оршы і Барані. На тэрыторыі Полацкага раёна будзе створана 5 акруг, у тым ліку 1 у сельскай мясцовасці і 4 у межах Полацка. У межах Наваполацка будзе сфарміравана 5 выбарчых акруг.
Раней існуючая Пальмінская выбарчая акруга (частка Гарадоцкага і Віцебскага раёнаў) у гэту кампанію ўтварацца не будзе.
Сярэдняя колькасць выбаршчыкаў у акругах складае 14 тыс. 783 чалавекі.
Алена Ціханава