У Віцебскай вобласці школьнікаў навучаюць асновам прадпрымальніцтва

Вучняў Віцебскай вобласці навучаюць асновам прадпрымальніцтва ў рамках міжнароднага праекта «Школьныя бізнес-кампаніі: патэнцыял бізнес-адукацыі школьнікаў».

Праект рэалізуецца абласным інстытутам развіцця адукацыі сумесна з Віцебскім бізнес-цэнтрам пры падтрымцы Фонду «Еўразія» за кошт сродкаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці.

Як паведаміў дырэктар бізнес-цэнтра Леанід Шур, дыстанцыйным навучаннем педагогаў і практычнымі семінарамі ахоплена больш за 10 устаноў адукацыі вобласці. Да прыкладу, занятак па тэме «Прадпрымальніцкая дзейнасць і яе віды» ў сакавіку прайшоў у Арэхаўскай СШ імя М. Касцючанкі Ушацкага раёна, дзе дзеці складалі пісьмовы партрэт прадпрымальніка, абаранялі свае бізнес-ідэі.

– Гэта быў першы крок у дадзеным напрамку. Як вынік у пачатку красавіка выпусцім брашуру з матэрыяламі з вопыту работы школ, а таксама правядзем форум у Інстытуце развіцця адукацыі з прэзентацыяй бізнес-кампаній вучняў, – распавёў Леанід Міхайлавіч. – Важна ў дзяцей развіваць кампетэнцыю прадпрымальнасці, вучыць іх сумленна зарабляць грошы і бачыць у кожнай праблеме магчымасці для развіцця.

Праект падтрымаў аддзел адукацыі, спорту і турызму Віцебскага раёна: ужо ў красавіку заняткі па асновах прадпрымальніцтва будуць арганізаваны ў Наўкінскай СШ, дзе акцэнт зробяць на тым, як з рашэння праблем экалогіі стварыць бізнес-ідэю і зарабіць грошы.

Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці».