У Віцебскай вобласці зніжаецца смяротнасць ад анкалагічных захворванняў
13 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці смяротнасць ад анкалагічных захворванняў у студзені-кастрычніку знізілася на 2,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года і склала 200,7 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі галоўны ўрач абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера Анжаліка Томчына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэтая станоўчая тэндэнцыя назіраецца на працягу 10 гадоў, а ў апошнія гады набыла выяўлены характар, падкрэсліла галоўны ўрач. Зніжэнне смяротнасці абумоўлена паляпшэннем ранняй дыягностыкі і прымяненнем сучасных метадаў лячэння. Сёння вылечваецца кожны трэці хворы. Акрамя таго, зніжаецца запушчанасць выяўленых анкалагічных захворванняў, пацыенты, у якіх выяўляецца захворванне ў 4-й стадыі, складаюць каля 12% ад агульнай колькасці ўпершыню ўстаноўленых дыягназаў. Сярод станоўчых тэндэнцый Анжаліка Томчына таксама вылучыла рост колькасці пацыентаў, якія стаяць на ўліку больш за 5 гадоў, іх доля ў агульнай колькасці пацыентаў складае 52,8%.
Разам з тым агульнасусветныя тэндэнцыі росту анкалагічных захворванняў характэрныя і для Віцебскай вобласці. Штогод анкалагічная захваральнасць у вобласці павялічваецца на 3,5%. Цяпер на ўліку ў анкадыспансеры стаіць больш за 30 тыс. чалавек, а гэта кожны 42-і жыхар вобласці. У апошнія гады істотныя змены адбыліся ў структуры захваральнасці. На першае месца выйшаў рак скуры, далей ідуць рак лёгкага і страўніка. Для мужчын узрасла актуальнасць праблемы захваральнасці на рак прадсталёвай залозы, якая выйшла на трэцяе месца ў структуры мужчынскіх анкалагічных хвароб. Толькі ў 2010 годзе гэтая анкапаталогія вырасла на 37%. У структуры жаночай анкалагічнай захваральнасці на трэцім месцы стаіць рак малочнай залозы.
"Гэта сведчыць перш за ўсё аб тым, што кожнаму чалавеку неабходна як мага больш удзяляць увагі свайму здароўю", - лічыць Анжаліка Томчына. Паводле яе слоў, нязменнымі складнікамі паспяховага процідзеяння анкалагічнай захваральнасці з'яўляюцца прыхільнасць здароваму ладу жыцця, правільнае харчаванне і рэгулярнае праходжанне прафілактычных інструментальных аглядаў. Наведванне лекара павінна стаць агульнасямейным традыцыйным мерапрыемствам. Таксама для прафілактыкі анкалагічных захворванняў важна захоўваць пазітыўны настрой па жыцці. Кожны з нас можа і павінен пастаянна знаходзіць у будзённай мітусні, клопатах нешта прыемнае і ўсё рабіць з любоўю, перакананая галоўны ўрач.-0-