У Віцебскай вобласці знізілася колькасць зваротаў грамадзян у мясцовыя выканкамы

Больш за 40 тыс. разоў жыхары Віцебшчыны звярнуліся да прадстаўнікоў выканаўчай і распарадчай улады ў мінулым годзе.

Аналізуючы работу органаў мясцовага кіравання са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб на пасяджэнні аблвыканкама, кіраўнік рэгіёна Мікалай Шэрстнёў падкрэсліў, што колькасць зваротаў напрамую звязана з эфектыўнасцю работы мясцовай улады з насельніцтвам.

– Усе пытанні, якія паступаюць на «прамую лінію» старшыні аблвыканкама, маглі б быць вырашаны на мясцовым узроўні, але не вырашаюцца. Там, дзе ўлада, чыноўнікі і кіраўнікі далёкія ад народа, людзі пішуць і звяртаюцца ў вышэйстаячыя інстанцыі і арганізацыі, таму што на месцах іх праблемы не вырашаюцца. І доказ гэтаму ў лічбах. Прыкладна аднолькавыя па колькасці насельніцтва рэгіёны: Наваполацк, Орша, Аршанскі і Полацкі раёны, пры гэтым пісьмовых зваротаў у Наваполацку – 1939, у Полацкім раёне – 2963, Аршанскім – 4726. У Лепельскім – усяго 158 зваротаў, у Талачынскім – 455, хоць гэтыя раёны мала чым адрозніваюцца, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.

У цэлым работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб арганізавана ў адпаведнасці з заканадаўствам, пра што сведчаць статыстычныя і аналітычныя даныя, агучаныя кіраўніком справамі аблвыканкама Аляксандрам Сысоевым.

Разам з тым маюцца недахопы, якія прыводзяць да абгрунтаваных скаргаў і нараканняў (парушэнне тэрмінаў або няпоўны разгляд пытанняў).

Так, у 2017-м у выканаўчыя і распарадчыя органы вобласці паступіла больш за 41 тыс. зваротаў грамадзян, што на 222 менш, чым за 2016 год. Абсалютная большасць з іх былі разгледжаны на месцах, кіраўніцтву аблвыканкама паступіла крыху больш за 1% ад агульнай колькасці.

Найбольш часта жыхары рэгіёну звяртаюцца ва ўпраўленні ўнутраных спраў, аховы здароўя, ЖКГ, адукацыі, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, галоўнае ўпраўленне юстыцыі, а таксама камітэт па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама.

У параўнанні з 2016-м знізілася колькасць зваротаў па пытаннях будаўніцтва, водазабеспячэння, аплаты камунальных паслуг, рамонту жылфонду, жыллёвага

будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя і парушэнняў заканадаўства ў галіне зваротаў грамадзян.

У 96% выпадкаў на звароты грамадзян у аблвыканкам даюцца адказы інфармацыйна-тлумачальнага характару, звароты накіроўваюцца на разгляд па кампетэнцыі.

На 40% знізілася колькасць паўторных зваротаў, пры гэтым толькі 4 з 96 прызнаны абгрунтаванымі.

 За 2017 год у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы паступіла 1892 звароты ад юрыдычных асоб (на 60 больш у параўнанні з 2016-м).

Актуальная для суб'ектаў гаспадарання тэматыка – жыллёва-камунальная гаспадарка, падаткаабкладанне, аказанне садзейнічання ў працаўладкаванні, пагашэнне запазычанасці, землекарыстанне і землеўпарадкаванне, архітэктура і горадабудаўніцтва, распараджэнне маёмасцю, а таксама абскарджанне рашэнняў выканкамаў.

 За мінулы год на «прамыя лініі» кіраўніцтва вобласці, гаррайвыканкамаў і адміністрацый Віцебска паступіла больш за 5,6 тыс. званкоў, што на 5% менш, чым у 2016-м.

Непасрэдна у аблвыканкам патэлефанавала на чвэрць менш жыхароў рэгіёну ў параўнанні з 2016-м, што сведчыць аб тым, што грамадзяне часцей выкарыстоўваюць магчымасць вырашэння праблем і пытанняў, якія ўзнікаюць, на мясцовым узроўні.

"Віцебскія весці".