У Віцебскай вобласці скарачаецца рэцыдыўная злачыннасць
18 чэрвеня, Віцебск, /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На Віцебшчыне намячаецца тэндэнцыя да зніжэння рэцыдыўнай злачыннасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы пракурор аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Віцебскай вобласці Юрый Амброс.
Па выніках студзеня-мая бягучага года раней асуджанымі асобамі здзейснена 1,7 тыс. злачынстваў, што складае 37,8% ад колькасці расследаваных крымінальных спраў і на 1,4% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым у два разы знізілася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку згвалтаванні, рабаванні, разбоі, хуліганствы і вымагальніцтва.
У мэтах папярэджання здзяйснення паўторных злачынстваў у рэгіёне рэалізуецца цэлы комплекс мерапрыемстваў. Так, у бягучым годзе ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана 203 чалавекі, 1,6 тыс. прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, 485 пастаўлена на ўлік да ўрачоў-нарколагаў, 48 - абмежавана ў дзеяздольнасці. У выніку работы назіральных камісій 4,2 тыс. вызваленых з месцаў зняволення атрымалі дапамогу ў працаўладкаванні. У мэтах бытавога ўладкавання аказваецца садзейнічанне ў атрыманні пашпартоў, прадастаўленні жылля, матэрыяльнай дапамогі. Пачалася работа па стварэнні ў Віцебску і Оршы двух цэнтраў рэсацыялізацыі для асоб, вызваленых з месцаў зняволення. У цэнтрах ім дапамогуць аднавіць страчаныя сацыяльныя сувязі з грамадствам, аднавіць дакументы, знайсці працу.
У мэтах зніжэння рэцыдыўнай злачыннасці таксама праводзяцца рэгулярныя сустрэчы з раней асуджанымі асобамі. Акрамя праваахоўнікаў, у іх прымаюць удзел прадстаўнікі органаў улады, службы сацыяльнай абароны і занятасці, святары, грамадскіх арганізацый, дадаў суразмоўца.-0-