У Віцебскай вобласці скароцяць колькасць стратных сельгаспрадпрыемстваў шляхам іх рэарганізацыі

Пытанні аздараўлення эканомікі вёскі абмяркоўваліся на нарадзе ў Полацку, дзе прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, кіраўнікі вобласці і дзесяці раёнаў заходняга крыла Віцебшчыны.

Адкрываючы нараду, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец заклікаў яго ўдзельнікаў да сур'ёзнай, шчырай размовы, мэта якой – прааналізаваць сітуацыю і ўнесці прапановы па паляпшэнні работы аграпрамысловага комплексу. Спецыяльная міжведамасная рабочая група для вырашэння праблемных пытанняў у АПК, створаная ў лютым 2014-га пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Беларусі, ужо падрыхтавала пакет дакументаў на гэты конт. Цяпер ідзе абмеркаванне ў розных рэгіёнах краіны, а выніковая агульнарэспубліканская нарада з удзелам кіраўніка дзяржавы пройдзе ў канцы мая.

(Адказваючы на пытанне, што сёння перашкаджае рухацца наперад, Міхаіл Русы паказаў на істотныя парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны, халатнасць, безгаспадарнасць. Страты па гэтых прычынах у цэлым па краіне эксперты ацэньваюць на суму ад 11 да 14 трлн рублёў, у тым ліку ў Віцебскай вобласці — 2,4 трлн. Акрамя таго, у шэрагу гаспадарак затраты на выпуск прадукцыі перавышаюць выручку ад яе рэалізацыі, а гэта парушэнне асноватворных прынцыпаў вытворчасці. Падрыхтаваныя рабочай групай праекты чатырох указаў Прэзідэнта дазволяць, па словах віцэ-прэм'ера, істотна палепшыць умовы працы аграрыяў, каб яны маглі зарабляць грошы для паспяховага развіцця рэгіёнаў. Даўгі спісваць ніхто не мае намеру, але па кожным выпадку будуць знаходзіцца эканамічныя рашэнні.

Падрабязны аналіз стану спраў у АПК вобласці на пасяджэнні прадставіў намеснік старшыні аблвыканкама Эдуард Дзям'янаў. Адзначалася, што за апошнія пяць гадоў праведзена вялікая праца па мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні галіны, якая дазволіла дабіцца адчувальных вынікаў па многіх напрамках. Станоўчая дынаміка назіралася на працягу ўсёй пяцігодкі, за выключэннем няўдалага 2013 года. Першапачаткова вобласць знаходзілася ў горшых стартавых пазіцыях, чым іншыя, але здолела пераадолець адставанне і зрабіла крок наперад у вытворчасці малака і мяса, выйшла на мільён тон валавога збору збожжа. Было набыта амаль 14 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, рэканструявана 375 малочнатаварных ферм. Калі раней у жывёлагадоўлі было 488 ферм з даеннем у вядро, то цяпер іх засталося 39. Калі кармы завозіліся з-за межаў Віцебшчыны, то цяпер гаспадаркі імі забяспечаны, палепшылася іх якасць, механізавана раздача. У цэлым за пяцігодку на рэалізацыю праграм, звязаных з развіццём АПК, затрачана 13 трлн рублёў. Але пасля дэвальвацыі 2011 года і павелічэння працэнтных ставак па крэдытах узраслі даўгавыя абавязацельствы, пагоршыўся фінансавы стан суб'ектаў гаспадарання.

На пасяджэнні былі агучаны прапановы аблвыканкама па вырашэнні праблем у аграпрамысловым комплексе. Сярод іх – прадаставіць адтэрміноўку і растэрміноўку запазычанасці па ўсіх крэдытах, ухіліць дыспарытэт цэн на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю, павысіць зацікаўленасць кіраўнікоў сельгас арганізацый шляхам перадачы ім у ўласнасць пакета акцый кіраванага акцыянернага таварыства, палепшыць падрыхтоўку кадраў для сяла. Акрамя таго, на Віцебшчыне плануецца скараціць колькасць стратных гаспадарак шляхам іх рэарганізацыі, продажу, прызнання банкрутамі: з 266 сельгас арганізацый павінна застацца 170.

З гэтымі прапановамі перагукаюцца і рэкамендацыі міжведамаснай рабочай групы. Падрыхтаваныя дакументы, як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, з'яўляюцца свайго роду «дарожнай картай», вызначальнай шлях для аздараўлення АПК. Прадугледжаны меры прамога эканамічнага стымулявання, ліквідацыі дыспарытэту цэн. Удасканалены механізмы аказання дзяржпадтрымкі. Банкаўскія крэдыты стануць больш даступнымі, а дзяржзаказ – прывабным для вытворцаў. З 2015 года прадугледжваецца перайсці на рынкавае цэнаўтварэнне з кампенсацыяй страт пэўным катэгорыям насельніцтва. Зроблены шэраг мер для паспяховай рэструктурызацыі стратных арганізацый. Да прыкладу, калі суседняя гаспадарка або інвестар уступаюць у правы кіравання і ўласнасці, прапануецца прадастаўляць гэтым інвестарам, інтэгратарам адтэрміноўку да 5 гадоў выканання абавязацельстваў па доўгатэрміновых інвестыцыйных крэдытах, а таксама лізінгу.

Усё гэта, падкрэсліў міністр, дазволіць выйсці на больш высокі ўзровень гаспадарання, павысіць матэрыяльную зацікаўленасць і прэстыж працы ў сельскай мясцовасці. Пры гэтым асаблівая дырэктыва вызначыць меры адказнасці кадраў. На нарадзе адзначалася, што ў аднолькавых умовах адны гаспадаркі і рэгіёны дабіваюцца поспехаў, іншыя працуюць значна горш за свае магчымасці. Бо многае залежыць ад кіраўніка, яго ініцыятыўнасці, узроўню падрыхтоўкі, умення стварыць згуртаваную каманду, пазабавіцца пра людзей і правільна арганізаваць іх працу.

Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец вызначыў галоўныя задачы — павышэнне адказнасці кіраўнікоў, умацаванне вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, пастаяннае ўдасканаленне ўзроўню кваліфікацыі. Пры гэтым больш эфектыўнымі ён назваў меры не рэпрэсіўнага, а выхаваўчага характару. Касаючыся вытворчых паказчыкаў, Аляксандр Мікалаевіч заклікаў кіраўнікоў адчуваць сябе гаспадарамі зямлі і імкнуцца да максімальных вынікаў з тым, каб у канчатковым выніку забяспечыць годную якасць жыцця людзей.

Ларыса Малашаня, "Віцебскія весці"