У Віцебскай вобласці захоўваецца верагоднасць утварэння затораў лёду на рэках

22 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці захоўваецца імавернасць утварэння ледзяных затораў на рэках пры іх выкрыцці з-за значнай таўшчыні ледзянога покрыва ў басейне Заходняй Дзвіны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным упраўленні МНС. У бягучым годзе выкрыццё рэк басейна Заходняй Дзвіны чакаецца ў канцы сакавіка - пачатку красавіка, што некалькі пазней сярэдніх шматгадовых значэнняў. Цяпер на рэках пачынаюцца працэсы разбурэння ледзянога покрыва, ён становіцца друзлым. Сярэднесутачны рост узроўню вады ў рэках нязначны і складае 1-4 см. Таўшчыня лёду на Заходняй Дзвіне вагаецца ў межах ад 30 да 50 см. Акрамя таго, захоўваюцца вялікія снегазапасы ў басейне Заходняй Дзвіны, асабліва ў паўночных і паўночна-заходніх рэгіёнах Віцебскай вобласці, а таксама ў вярхоўі ракі на тэрыторыі Расіі. З улікам сітуацыі, якая складваецца, абласное УМНС арганізуе выбуховыя работы на рэках для прэвентыўнага разбурэння ледзяных палёў, што стварае ўмовы для прадухілення ўтварэння магчымых затораў і зажораў лёду. Выбуховыя работы праведзены на найбольш праблемных участках рэк Заходняя Дзвіна ў Мёрскім і Верхнядзвінскім раёнах, а таксама ў раёне Наваполацка. Таксама ў вобласці прыступілі да паветранай разведкі лядовай і паводкавай абстаноўкі ў басейне ракі Заходняя Дзвіна. Авіяцыйны маніторынг з дапамогай авіятэхнікі Віцебскага філіяла РУП "Беллесавія" спланаваны на ўвесь перыяд праходжання паводкавых вод.-0-