У Віцебскай вобласці створаць адзіную базу са статыстыкай пра факты траўмавання і гібелі дзяцей
Пракуратура Віцебскай вобласці прапануе сабраць разам разрозненую па ведамствах статыстыку цяжкага траўміравання і гібелі дзяцей. Пра гэта паведаміў старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці Антон Волкаў перад пачаткам вучэбна-метадычнага семінара па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі.
На думку Антона Волкава, агульная база даных дапаможа зрабіць больш выніковай працу па папярэджанні няшчасных выпадкаў і рознага роду надзвычайных сітуацый з удзелам непаўналетніх. "Адзіная статыстыка траўміравання і гібелі дзяцей ад знешніх прычын нідзе не вядзецца. Збор інфармацыі мае ведамасны характар - у аховы здароўя свая статыстыка, у праваахоўнікаў свая і г.д. У сябе ў рэгіёне мы ўпершыню звядзём гэта разам на базе камісіі па справах непаўналетніх - інфармацыя будзе сабрана з усіх органаў, якія фіксуюць факты гібелі і цяжкага траўматызму дзяцей. Гэта будзе поўная і падрабязная база даных, якая дазволіць убачыць, дзе ў нас праблемы: недапрацоўваем у прафілактыцы сямейнага небразлічча, альбо гэта бязгаспадарнасць, бязладзіца", - растлумачыў суразмоўца.
Антон Волкаў падкрэсліў, што ў будучым годзе пракуратура мае намер прыкласці максімум намаганняў, каб спыніць рост злачыннасці непаўналетніх, які намяціўся. "Нас вельмі турбуе групавая злачыннасць, асабліва калі гэтыя групы фарміруюцца з удзелам дарослых, якія і ўцягваюць падлеткаў у злачыннае асяроддзе. У наглядзе рэалізуем шэраг ідэй, у тым ліку ўспомнім савецкі досвед працы крымінальнай міліцыі і інспекцыі па справах непаўналетніх, каб раз'яднаць гэтыя групы, якія нямала займаюцца распаўсюджваннем наркатычных сродкаў", - распавёў ён.
У семінары, праца якога разлічана на тры дні (16-18 снежня) і будзе праходзіць на базе Віцебскай і Магілёўскай абласцей, удзельнічаюць прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, пракуратур Віцебскай і Магілёўскай абласцей, намеснікі, старшыя памочнікі і памочнікі пракурораў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, Віцебскай і Аршанскай транспартных пракуратур, якія ажыццяўляюць нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі, а таксама прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі і аховы здароўя, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, УУС, абласной камісіі па справах непаўналетніх і іншыя.
Алена Ціханава, БЕЛТА.