У Віцебскай вобласці створаны дастатковы запас супрацьвірусных лекаў

1 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці створаны дастатковы запас супрацьвірусных лекаў. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач сёння на брыфінгу, прысвечаным сітуацыі па захваральнасці на ОРВІ і грып у рэгіёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Найбольш запатрабаваныя супрацьвірусныя прэпараты, імунамадулюючыя сродкі і іншыя лекі маюцца ў аптэках і медустановах вобласці ў дастатковай колькасці і асартыменце. Праводзіцца пастаянны маніторынг іх наяўнасці, сказаў Юрый Дзеркач, дадаўшы, што попыт на лекі захоўваецца спакойным. Сярод чатырох кантрольных гарадоў Віцебскай вобласці найбольш інтэнсіўна працэс захваральнасці развіваецца ў Аршанскім раёне і Оршы, дзе ў цяперашні час з мэтай папярэджання распаўсюджвання інфекцыі навучальны працэс прыпынены ў васьмі школах. Па адной школе закрыта на каранцін у Лёзненскім і Талачынскім раёнах. У Віцебску адзначаецца сярэдні ўзровень інтэнсіўнасці. У Полацку і Наваполацку ён знаходзіцца на нізкім узроўні. У структуры хворых больш за 60% складаюць школьнікі. Таму бацькам варта максімальна ўважліва аднесціся да захавання здаровага мікраклімату ў доме, правілаў асабістай гігіены, а ў выпадку захворвання - да рэкамендацый урачоў і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, адзначыў кіраўнік ведамства. У гэтым годзе пры падрыхтоўцы да зімы ў вобласці быў прышчэплены кожны пяты жыхар Віцебшчыны, у тым ліку значная колькасць дзяцей.-0-