У Віцебскай вобласці створана 4 міжраённых цэнтра для лячэння пацыентаў з COVID-19

– На тэрыторыі Віцебскай вобласці ўздым захворвання на каранавірусную інфекцыю ў 2022 годзе пачаўся з другой тыдні і пазначыў пачатак пятай хвалі COVID-19, – паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі. – Назіраецца тэндэнцыя ўстойлівага росту. За мінулы тыдзень захворванне ў параўнанні з папярэднім вырасла на 89,45%. Аднавіўся рост захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і пнеўманіі – адпаведна на 49% і 48,9%. У вобласці перапрафілявана 15,8% ложкаў ад агульнага фонду, у абласным цэнтры – 21%. Варта адзначыць, што шпіталізацыя ідзе не такімі тэмпамі, як у папярэднюю хвалю, хоць неабходнасць у дадатковых ложках яшчэ існуе. Адзначаецца тэндэнцыя павелічэння захворвання сярод дзіцячага насельніцтва – з 1,9% да эпідуздыму да 9,6% за мінулы тыдзень. Сярод хворых дзяцей – большы працэнт малодшай узроставай групы. На сённяшні дзень усяго шпіталізавана 122 дзіцяці па вобласці, з якіх 47 – у Віцебскі абласны дзіцячы клінічны цэнтр.
У Віцебску сёння тры ўстановы аховы здароўя цалкам перапрафіляваны пад аказанне медыцынскай дапамогі ў рэжыме інфекцыйнага стацыянара, тры – часткова. Створаны міжраённыя цэнтры для лячэння пацыентаў, інфікаваных каранавірусам, гэта Аршанская цэнтральная паліклініка, Полацкая і Наваполацкая цэнтральная гарадская і Глыбоцкая цэнтральная раённая бальніцы. У звычайным рэжыме планавую дапамогу аказваюць 6 цэнтральных раённых бальніц, 11 – пацыентам з COVID-19 у межах інфекцыйных аддзяленняў.
Асаблівасцю 5-й хвалі з'яўляецца высокая кантагіёзнасць віруса, лічаць спецыялісты. Пры аднолькавым узроўні захворвання на каранавірусную інфекцыю колькасць пацыентаў, якія падлягаюць шпіталізацыі, прыкладна ў тры разы меншая, чым у 4-ю хвалю. А таксама прыкладна ў тры разы меншая колькасць клінічна цяжкіх формаў, пры якіх патрабуецца знаходжанне ў рэанімацыйных аддзяленнях і ёсць неабходнасць выкарыстоўваць апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Калі ў 4-ю хвалю сярэдняя колькасць штодзённа шпіталізаваных пацыентаў перавышала 300 чалавек, сёння – у тры разы меншая, таму асноўная нагрузка кладзецца на амбулаторна-паліклінічнае звяно.
Паліклінікі з 5 лютага працуюць не толькі ў суботу, але і ў нядзелю. Міхаіл Вішневецкі прывёў такія лічбы: адзін лекар у нядзелю прымаў ад 15 да 50 пацыентаў, і ад 5 да 17 наведваў на выкліках на дом. З'явілася неабходнасць у дадатковых кадрах: да працы прыцягнута 142 урача-інтэрна, 107 студэнтаў ВДМУ, 56 навучэнцаў медкаледжаў. Прафесарска-выкладчыцкі склад пры неабходнасці дае кансультацыі ў рэжыме тэлемедыцыны.
На сённяшні дзень установы аховы здароўя ў поўнай меры аснашчаны абсталяваннем, СІЗ і дэзсродкамі, укамплектаваны падрыхтаванымі медыцынскімі кадрамі, неабходна дапамога ў дадатковым транспарце. Гэта і іншыя пытанні вырашаліся на пасяджэнні штаба.