У Віцебскай вобласці стартавалі мерапрыемствы па вясновым прызыве

– Да 6 мая навабранцы будуць накіраваны ва Узброеныя Сілы, Унутраныя войскі і воінскія часткі дзяржаўнага пагранічнага камітэта, – паведаміў начальнік накірунку прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята вобласці палкоўнік Аляксей Ненахаў. – З іх ліку каля 20% маюць вышэйшую адукацыю. Дадатковыя адпраўкі пройдуць да 30 мая.


Сёлеташняй вясной, як і летась, адбудзецца прызыў на службу ў рэзерве грамадзян з ліку студэнтаў першых курсаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі сельскагаспадарчага профілю. Нагадваем, яны могуць адслужыць падчас летніх канікул, каб адразу пасля заканчэння збораў адправіцца на вучобу ў свае ВНУ. Сёлета іх адпраўка будзе праведзена 8 ліпеня.


Нашы землякі разумеюць: ваенная служба – ганаровы абавязак кожнага грамадзяніна. Яўгенія Цыганка з Полацка накіроўваецца ў ваенную камендатуру. Малады чалавек ужо паспеў атрымаць прафесійную адукацыю, адвучыўшыся на праграміста ў Полацкім эканамічным каледжы, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.



– У свае 24 гады не толькі маральна, але і фізічна гатовы да службы ў арміі, бо яшчэ займаўся рознымі відамі спорту, сярод якіх тайскі бокс, веславанне, футбол і іншае, – адзначыў ён.
Станіслаў Шыбека з Віцебска будзе служыць у паветрана-дэсантных войсках. Ён мае добрую фізічную падрыхтоўку. Сумленна займаўся лёгкай атлетыкай, пераадольваў дыстанцыі больш за 30 кіламетраў. Юнак таксама з'яўляецца дыпламаваным спецыялістам: вучыўся на лагіста ў МИТСО. З адзнакай скончыў навучанне і паступіў у магістратуру на спецыяльнасць «Юрыспрудэнцыя». Заставаўся месяц да абароны дыплома, але прыйшла позва з ваенкамата. Цяпер толькі праз год яго атрымае.



Напутлівыя словы прызыўнікам адрасавалі прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і «Беларускі саюз афіцэраў», БРСМ, абласной грамадскай арганізацыі салдатскіх маці і царквы.
На плацы зборнага пункта для прызыўнікоў, бацькоў і ганаровых гасцей адбыліся паказальныя выступленні байцоў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.