У Віцебскай вобласці стаўкі адзінага падатку для фізічных асоб у сельскай мясцовасці ўстаноўлены на мінімальным узроўні
Указ №337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб" пашырыў пералік відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, і ўстанавіў базавыя стаўкі адзінага падатку, у межах якіх абласныя Саветы дэпутатаў павінны прыняць адпаведныя рашэнні. Пры ўстанаўленні канкрэтных ставак па дадатковых 12 відах дзейнасці дэпутаты Віцебскага абласнога Савета пагадзіліся з прапановай абласной падатковай інспекцыі зацвердзіць іх памер для сельскіх раёнаў на ўзроўні мінімальных базавых ставак, вызначаных указам.
Як паведаміў начальнік ІМПС па Віцебскай вобласці Валерый Лабацэвіч, падатковая служба зыходзіла з таго, што ў сельскай мяснасці, дзе попыт на работы і паслугі невысокі, неабходна ствараць умовы для стымулявання самазанятасці насельніцтва. Напрыклад, грамадзянам, якія аказваюць паслугі па раскідзе і колцы дроў на сяле, а таксама пагрузцы і разгрузцы грузаў, трэба будзе плаціць Br4 штомесяц (базавыя стаўкі ад Br4 да Br18). Акрамя таго, мінімальна магчымы ўзровень ставак будзе стымуляваць легалізацыю эканамічнай дзейнасці грамадзян, якія сёння працуюць "у цені".
Пры вызначэнні адзінага падатку для грамадзян у гарадах Віцебск, Орша, Полацк, Наваполацк падаткавікі прапанавалі арыентавацца на памер ставак, устаноўленых для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія разлічаны на падставе інфармацыі аб даходнасці дзейнасці, улічваюць узровень цэн на работы, паслугі і некаторыя іншыя фактары. Напрыклад, калі прадпрымальнік пры прадастаўленні цырульніцкіх паслуг плаціць адзіны падатак Br104 штомесяц, то для грамадзян ён складзе Br100. Па даных на 1 кастрычніка 2017 года, у Віцебскай вобласці ажыццяўлялі дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка 1,9 тыс. чалавек.
У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года назіраецца нязначны рост (на 12 чалавек) колькасці самазанятых грамадзян. Імі выплачаны адзіны падатак у памеры Br180 тыс., што на 11% больш чым за аналагічны перыяд 2016-га. Найбольшай папулярнасцю сярод жыхароў вобласці карыстаюцца рэпетытарства і паслугі па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі. Для ажыццяўлення дзейнасці, прадугледжанай указам, фізічныя асобы павінны падаць у падатковы орган па месцы жыхарства пісьмовае паведамленне з указаннем віду дзейнасці, а таксама да яе пачатку выплаціць адзіны падатак.