У Віцебскай вобласці стаўкі адзінага падатку для ІП і фізасоб устаноўлены на мінімальным узроўні
Пераходны перыяд дзейнічае да снежня 2020 года. Як патлумачыла намеснік начальніка абласной падатковай інспекцыі Таццяна Ліпская, такая норма прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2018 года №159-З, якім унесены змяненні і дапаўненні ў Падатковы кодэкс.
Навошта патрэбен пераходны перыяд
Справа ў тым, што з 1 студзеня 2019 года Падатковы кодэкс (ПК РБ) устанавіў стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб (дадатак 24 да ПК РБ) і падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах (дадатак 2 да ПК РБ), а раней гэтыя пытанні былі ў кампетэнцыі абласнога Савета дэпутатаў. Пры гэтым у Беларусі дзейнічае мараторый на ўвядзенне новых і павышэнне ставак па ўжо дзеючых падатках. Для таго, каб выканаць умовы мараторыя, і ўведзены пераходны перыяд.
Як плаціць
Да снежня 2020 года гэтыя катэгорыі плацельшчыкаў прымяняюць мінімальныя стаўкі адзінага падатку для ажыццяўляемага імі віду дзейнасці або падаходнага падатку ў фіксаваных сумах. Гэта значыць, бяруцца дзве стаўкі — устаноўленая рашэннем аблсавета па стане на снежань 2018 года і вызначаная для такога віду дзейнасці дадаткам 24 ПК РБ, выбіраецца найменшая, па якой і выплачваецца падатак.
Напрыклад, жыхар Віцебска атрымлівае даход ад здачы ў арэнду жылля і штомесяц выплачвае падаходны падатак у фіксаваных сумах. Для такога віду дзейнасці ПК РБ вызначыў стаўку ў памеры 30 руб., а аблсавет устанавіў 27 руб. (па стане на снежань 2018 года). Іншымі словамі, на перыяд да снежня 2020-га такі грамадзянін выплачвае падатак па стаўцы 27 руб.
Каго тычыцца
Паводле даных на 1 кастрычніка 2019 года, на Віцебшчыне адзіны падатак з ІП і іншых фіз. асоб плацяць амаль 13 тыс. плацельшчыкаў. Сярод іх — парадку 8,3 тыс. прадпрымальнікаў і 4,5 тыс. самазанятых грамадзян, гэта значыць тых, хто займаецца відамі дзейнасці, якія не патрабуюць рэгістрацыі ў якасці ІП. Характэрна, што іх колькасць за апошні год расла найбольш дынамічна і павялічылася амаль на 23% у параўнанні з кастрычнікам 2018 года. Такая тэндэнцыя характэрная для пераважнай большасці раёнаў: у Шумілінскім колькасць самазанятых вырасла ў 2,3 раза, Лёзненскім — на 72%, Докшыцкім — 70%, Сенненскім — 62%, Шаркаўшчынскім — 39%.
Акрамя таго, для дадатковага стымулявання развіцця бізнесу ў сельскай мясцовасці аблсавет устанавіў паніжальны каэфіцыент 0,5 да ставак адзінага падатку для ІП, якія пражываюць і працуюць на тэрыторыі вобласці (за выключэннем Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы) па 8 відах дзейнасці, у тым ліку па вытворчасці адзення, абутку на заказ, паслуг па вырошчванні сельгаспрадукцыі, драбненні збожжа, выпасе жывёлы, стварэнні гатовых тэкстыльных вырабаў, дывановых вырабаў ручной выпрацоўкі (акрамя адзення) на заказ спажыўцоў.