У Віцебскай вобласці будаўніцтва спартыўных аб'ектаў не спыняецца - Церанцьеў

В Витебской области строительство спортивных объектов не прекращается - Терентьев

На Віцебшчыне будаўніцтва спартыўных аб'ектаў не спыняецца. Пра гэта заявіў журналістам намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў пасля цырымоніі адкрыцця Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па адзінаборствах у віцебскім мікрараёне Журжава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Работа па будаўніцтве і ўводзе ў строй спартыўных аб'ектаў у нас вядзецца бесперапынна. Толькі за бягучы год адкрыта вялікая Лядовая арэна ў Оршы, мінулай зімой пачаў дзейнічаць шматфункцыянальны комплекс з басейнам у Докшыцах, у наступным годзе завершым будаўніцтва ФАК у Ушачах, працягваецца будаўніцтва басейна ў Гарадку", - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. Ён дадаў, што ў Гарадку ўладкоўваецца і лыжаролерная траса.

"Напярэдадні Новага года спартсмены рэгіёну атрымалі добры падарунак - шматфункцыянальны цэнтр для адзінаборстваў. За гэтыя гады рэканструкцыі ўкладзена каля Br25 млрд, створаны выдатныя ўмовы для заняткаў таэквандо, боксам, вольнай і грэка-рымскай і іншымі відамі барацьбы. Знайшлося месца і для дзяўчынак-гімнастак", - сказаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён падкрэсліў, што цяпер ад спартсменаў чакаюць высокіх вынікаў.

Віцебскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па адзінаборствах створаны ў студзені 2014 года. На базе ўстановы працуюць некалькі аддзяленняў спорту (бокс, вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, джыу-джыцу, таэквандо, кікбоксінг і тайландскі бокс), у якіх праходзяць падрыхтоўку 104 навучэнцы, з іх 44 уключаны ў спісачны склад нацыянальных і зборных каманд Беларусі. Кіруе цэнтрам праслаўлены беларускі і савецкі барэц грэка-рымскага стылю, чэмпіён свету, Еўропы, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Ігар Каныгін. Галоўнай задачай цэнтра з'яўляецца забеспячэнне дэцэнтралізаванай падрыхтоўкі і паспяховае выступленне навучэнцаў на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Цэнтр размясціўся ў будынку, які раней належаў раскватаванай у Журжава воінскай частцы (тут размяшчаліся клуб і спартыўная зала, у планах было стварэнне кінатэатра). У 2008 годзе збудаванне было перададзена на баланс Віцебскай абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства.

Алена Ціханава