У Віцебскай вобласці будаўніцтва жылля па дзяржзаказе засяроджана ў раёнах
На Віцебшчыне будаўніцтва жылых дамоў на ўмовах дзяржзаказу засяроджана ў раёнах, паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Ісачэнка.
Сёлета крэдытныя сродкі ААТ "АСБ Беларусбанк" на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай для Віцебскай вобласці склалі каля Br549,5 млрд. Асноўная частка гэтых грошай накіравана на ўзвядзенне дамоў у раёнах вобласці. "Гэта абумоўлена тым, што ўзровень заработнай платы жыхароў раёнаў ніжэйшы, чым у насельніцтва буйных гарадоў. І дзяржпадтрымка ў такіх умовах як нельга дарэчы. І другая прычына такога рашэння - забеспячэнне працай раённых ПМК", - адзначыў суразмоўца.
У буйных гарадах больш магчымасцей для ўзвядзення камерцыйнага жылля, што тычыцца дзяржзаказу, то з выкарыстаннем ільготных крэдытаў тут будуюцца кватэры для шматдзетных сем'яў, а таксама сем'яў, якія больш за 10 гадоў пражылі ў інтэрнатах.
У цэлым сёлета ў рэгіёне з дзяржпадтрымкай плануецца пабудаваць каля 75 тыс. кв.м жылля, з якога 60 тыс. кв.м - гэта шматкватэрнае шматпавярховае, а 15 тыс. кв.м - індывідуальнае.
Ігар Ісачэнка адзначыў, што найбольш актыўна вядзецца будаўніцтва ў Лепельскім раёне (штогод узводзяцца 1-2 дома), а таксама ў Глыбоцкім, Міёрскім, Шумілінскім, Бешанковіцкім раёнах.
Згодна з заданнем Саўміна сёлета ў вобласці павінна быць пабудавана 290 тыс.кв.м жылля. "Праблем з выкананнем гэтага задання ў рэгіёна не ўзнікае. Па выніках работы за тры кварталы маем намер увесці 75% - прыкладна 220 тыс. кв.м жылля. І да канца года цалкам выканаць план", - заключыў старшыня камітэта.
Алена Ціханава, БЕЛТА.