У Віцебскай вобласці паменшылася колькасць тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў

В Витебской области уменьшилось количество нуждающихся в улучшении жилищных условий

Да канца 2012 года колькасць грамадзян, якім патрабавалася жыллё, на Віцебшчыне скарацілася на 2,3 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам. Статыстычныя даныя сведчаць, што ў нашай вобласці на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, да канца снежня стаяла 72,8 тысячы грамадзян (сямей), з іх 31,1 тысячы (або 42,7 працэнта) – у Віцебску. А вось у сельскай мясцовасці гэты паказчык значна ніжэйшы – 5,8 тысячы (8 працэнтаў). Дарэчы, 12,2 тысячы ўсіх «чаргавікоў» чакаюць новаселле 10 і больш гадоў.

Сярод тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, 18,9 працэнта жыве ў інтэрнатах, 1,5 працэнта – у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, 0,5 працэнта – у дамах, прызнаных непрыдатнымі для пражывання.

На атрыманне памяшканняў сацыяльнага карыстання ў мінулым годзе мелі права 2,7 тысячы жыхароў Віцебшчыны. Пераважалі ў гэтай чарзе дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб эмансіпацыі або якія ўступілі ў шлюб, асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэта 71,1 працэнта ад агульнай колькасці. Грамадзяне, у якіх сярэднемесячны сукупны даход на кожнага члена сям'і не перавышае зацверджаны бюджэт пражытачнага мінімуму, склалі тут толькі 16,5 працэнта. Яшчэ 6,9 працэнта – гэта тыя, у каго ў складзе сем'яў маюцца дзеці-інваліды.

На Віцебшчыне атрымалі жыллё і палепшылі жыллёвыя ўмовы ў 2012 годзе 5,5 тысячы «чаргавікоў», або 7,4 працэнта ад агульнай колькасці тых, хто стаяў на ўліку. Асаблівая ўвага надавалася вырашэнню праблем маладых і шматдзетных сем'яў. На працягу года адпаведна 2,4 тысячы і 323 з іх сталі новасёламі. Не засталіся па-за ўвагай і катэгорыі насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне. З ліку жыхароў Віцебшчыны, якія карыстаюцца прадугледжанымі заканадаўствам льготамі, у 2012-м атрымалі жыллё і палепшылі жыллёвыя ўмовы 370 чалавек. Прычым 251 з іх выдзелены жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання.

Паводле Галоўнага статыстычнага
ўпраўлення Віцебскай вобласці

падрыхтавала Лiлiя Iўчанка, «Віцебскі рабочы»