У Віцебскай вобласці ўзмацняецца кантроль за працай аўталавак
У Віцебскай вобласці ўзмацнілі кантроль за працай аўталавак, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аблспажыўсаюзе.
З улікам моцнага пахаладання для бесперабойнага забеспячэння сельскага насельніцтва неабходнай прадукцыяй прадпрыемствы аблспажыўсаюза ўзмацнілі кантроль за выхадам аўталавак на лінію. Вызначаны адказныя спецыялісты, у выхадныя дні сітуацыю адсочваюць дзяжурныя.
Інфармацыя аб асноўных маршрутах перамяшчэння ўсіх 146 аўталавак даведзена ў райвыканкамы для забеспячэння ачысткі дарог. На выпадак непрадбачаных сітуацый кіроўцы і прадаўцы маюць з сабой мабільныя тэлефоны. З гэтай жа мэтай у кожным населеным пункце падтрымліваецца сувязь з мясцовымі старастамі, каб у выпадку затрымак папярэдзіць аб гэтым людзей загадзя. "Пакуль скаргаў ад насельніцтва, звязаных з працай аўталавак, не паступала", - адзначылі спецыялісты.
Напярэдадні калядных і навагодніх святаў прадпрыемствы аблспажыўсаюза правядуць шэраг святочных акцый. Так, пачынаючы з 20 снежня, у 500 аб'ектах рознічнага гандлю Віцебскага аблспажыўсаюза будзе падоўжаны рэжым працы. 22 снежня адбудзецца акцыя "Ноч калядных зніжак", падчас якой гандлёвыя аб'екты будуць працаваць да 23.00 і рэалізоўваць увесь тавар са зніжэннем гандлёвых надбавак удвая (у сярэднім яна складае 30%). Таксама запланавана правядзенне 150 кірмашоў, 40 ёлачных базараў, больш за 500 выстаў-продажаў. "Такім чынам, у вяскоўцаў будзе дастатковы выбар і прадукцыі, і магчымасцей для яе набыцця. Жыхары аддаленых вёсак у выпадку неабходнасці заўсёды могуць пакінуць заказ у аўталаўцы. Аднак пакуль нічога незвычайнага або немагчымага яны не прасілі - змей і рэптылій не заказвалі", - адзначылі ў аблспажыўсаюзе, дадаўшы, што летась пік заказаў і рэалізацыі прыпаў на апошнія навагоднія дні. Пры гэтым асаблівым попытам карысталася кандытарская прадукцыя, выпечка, гатовыя кулінарныя вырабы.