У Віцебскай вобласці ўзмацняюцца меры па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней

Выпадкі афрыканскай чумы свіней фіксуюцца ў суседніх з нашай краінай дзяржавах, у сувязі з чым у Беларусі ўзмоцнены прафілактычныя меры па недапушчэнні распаўсюджвання гэтай небяспечнай віруснай хваробы жывёл.


Што ў гэтым плане робіцца ў Віцебскай вобласці, «Віцьбічы» даведаліся ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Як расказаў начальнік упраўлення ветэрынарыі камітэта Сяргей Бабаед, на свінагадоўчых аб'ектах Віцебшчыны на 1 сакавіка налічвалася 426 тысяч галоў свіней, а на прыватных падворках насельніцтва – звыш 31 тысячы. У вобласці створаны і працуе штаб па прыняцці экстранных мер па недапушчэнні распаўсюджвання і ліквідацыі афрыканскай чумы свіней (АЧС) і іншых небяспечных хвароб жывёл. На яго пасяджэннях штоквартальна разглядаюцца пытанні біялагічнай бяспекі. Спецыялісты абласной ветэрынарнай лабараторыі рэгулярна праводзяць даследаванне аб'ектаў на наяўнасць генетычнага матэрыялу і антыцелаў віруса АЧС. Яны вывучаюць пробы, адібраныя ад свіней грамадскага пагалоўя, свіней у прыватным сектары, а таксама ад здабытых дзікіх кабаноў.

Афрыканская чума свіней (АЧС) – асабліва небяспечная, востразаразная вірусная хвароба хатніх і дзікіх свіней, лятальнасць ад якой, як правіла, складае 100 працэнтаў. Ад яе няма ні лекаў, ні вакцыны.

– У мінулым годзе ўспышкі гэтай небяспечнай хваробы былі зафіксаваны ў Польшчы (1640 выпадкаў), Латвіі (304), Украіне (28) і Расійскай Федэрацыі (271). У студзені–сакавіку гэтага года ў суседніх з Беларуссю краінах зноў выяўлены ачагі АЧС, – адзначае Сяргей Валянцінавіч. – Таму ў вобласці праводзіцца

цэлы комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, заснаваны на Пастанове Савета Міністраў № 758.

Работа вядзецца па некалькіх напрамках: абарона грамадскага пагалоўя і пагалоўя, якое ўтрымліваецца на прыватных падворках, і барацьба з асноўным пераносчыкам віруса – дзікім кабаном, папуляцыя якога павінна быць зведзена да мінімуму (такое рашэнне прынята на ўзроўні рэспублікі). Пераносчыкамі таксама могуць быць людзі, якія працуюць на свінакомплексах, насякомыя, якія смакчуць кроў, і кляшчы. Усе свінагадоўчыя аб'екты працуюць па прынцыпе прадпрыемстваў закрытага тыпу і знаходзяцца пад наглядам ветэрынарнай службы. На комплексах забяспечаны строгі пропускны рэжым, праводзіцца штодзённая дэзынфекцыя і пранне спецадзення, работнікі рэгулярна праходзяць санітарны прапускнік, прадугледжана барацьба са шкоднымі насякомымі і грызунамі. Кармленне свіней ажыццяўляецца толькі грануляванымі камбікормамі. Работнікам свінагадоўчых аб'ектаў забаронена ўтрымліваць на сваіх падворках свіней, займацца паляваннем.

Сярод мер барацьбы з хваробай – выяўленне інфекцыі, а таксама ліквідацыя свінапагалоўя ў ачагу, у тым ліку здаровых асобін, як гэта было на свінакомплексе «Лучоса», дзе ў 2013 годзе здарылася ўспышка афрыканскай чумы.

Памятка для насельніцтва

Калі вы вырашылі завесці на сваім падворку свіней, памятайце:

– Забаронена свабодна-выгульнае ўтрыманне жывёл.

– У сараі трэба выконваць неабходныя санітарна-ветэрынарныя патрабаванні.

-- Жывёлы ў сараі павінны ўтрымлівацца па відах.

– Нельга даваць свінням кармы, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку.

– Уваходзіць у сарай можна толькі ў зменным адзенні і абутку, апрацаваўшы рукі антысептыкам, а перад уваходам варта размясціць дэзпадушку.

-- Адным з галоўных прыкмет АЧС з'яўляецца сінюшнасць скурных пакроваў, слізістых, зніжэнне апетыту, рэзкае павышэнне тэмпературы цела да 41,5-42°С.

-- Пры найменшай падазрэнні захворвання свіней варта выклікаць ветурача.

"Віцьбічы".