У Віцебскай вобласці ўзмацняць патрабаванні да чыноўнікаў за працу са зваротамі грамадзян
У Віцебскай вобласці чыноўнікаў будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за нядобрасумленную працу са зваротамі грамадзян. Пра гэта паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, падводзячы вынікі прамой тэлефоннай лініі з насельніцтвам рэгіёна.
Кіраўнік вобласці адзначыў, што ў асноўным на прамых лініях гучаць падобныя праблемы. "Пераважная большасць з іх - пытанні сферы ЖКГ. Літаральна ўсе праблемы маглі б вырашацца без удзелу аблвыканкама. Але чамусьці так не адбываецца, і тыя звяны, якія павінны непасрэдна вырашаць пытанні заяўнікаў, недапрацоўваюць. Таму мы вызначыліся, што возьмем на кантроль кожнае пытанне, і калі будуць выяўлены факты, што спецыялісты далі няправільны адказ, не разабраліся да канца ці не вырашылі пытанне, хоць гэта было ў іх сілах, - будзем прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Іншага не дадзена. Таму што ёсць званкі, калі заяўнікі распавядаюць, што ўжо звярталіся на прамую лінію, пасля чаго прыязджалі спецыялісты, але простае пытанне засталося невырашаным. Гэта недапушчальна", - перакананы Мікалай Шарснёў. Даючы агульную характарыстыку сённяшняй прамой лініі, Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што якіх-небудзь вострых ці сур'ёзных праблем жыхары рэгіёна не ўздымалі. Грамадзян цікавяць перспектывы развіцця населеных пунктаў, актуальнымі застаюцца пытанні будаўніцтва дарог, асфальтавання вуліц, капітальнага рамонту жылых дамоў (у асноўным у Віцебску). "Званкоў менш не становіцца. А гэта гаворыць аб тым, што грамадзяне ведаюць, калі яны дазвоняцца, то пытанне возьмуць на кантроль, і будуць прымацца меры да яго вырашэння, - сказаў губернатар. - Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб зняць праблемы, і ў асноўнай масе пытанні грамадзян вырашаюцца".
Алена Ціханава, БЕЛТА.