У Віцебскай вобласці ў 2008-2009 гадах дыягназ "ВІЧ-інфекцыя" дзецям, народжаным ад ВІЧ-інфікаваных маці, не выстаўляўся

30 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2008 годзе і за студзень-верасень 2009 года дыягназ "ВІЧ-інфекцыя" дзецям, народжаным ад ВІЧ-інфікаваных маці, не выстаўляўся. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца аддзела прафілактыкі СНІДу Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валянціна Ананьева. "Гэта пэўнае дасягненне", - падкрэсліла спецыяліст, адзначыўшы, што значная заслуга ў гэтым належыць урачам, пісьменныя дзеянні якіх дазволілі жанчынам нават з гэтай страшнай інфекцыяй нарадзіць здаровых дзяцей. Нельга прымяншаць і велізарную ролю шырокага інфармавання грамадскасці. За ўвесь перыяд назірання ў Віцебскай вобласці ад ВІЧ-інфікаваных маці нарадзіліся 73 дзіцяці, з якіх 40 зняты з уліку з дыягназам "здаровы". На 1 кастрычніка гэтага года на дыспансерным уліку ў рэгіёне знаходзяцца 17 ВІЧ-экспонаваных (дыягназ пад пытаннем) і 11 ВІЧ-інфікаваных дзяцей. Сярод апошніх - 9 малых, народжаных ад заражаных вірусам маці, і два падлеткі да 18 гадоў, якія заразіліся пры ін'екцыйным ужыванні наркотыкаў і палавым шляхам. Сёння Віцебская вобласць з'яўляецца адным з самых спрыяльных рэгіёнаў Беларусі па эпідэміялагічнай сітуацыі з ВІЧ/СНІД, адзначыла Валянціна Ананьева. Паводле даных на 1 лістапада, у Віцебскай вобласці зарэгістраваныя 511 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Паказчык распаўсюджанасці на 100 тыс. насельніцтва склаў 40,4 (другі па рэспубліцы). Найбольш спакойная сітуацыя складаецца ў Браслаўскім, Глыбоцкім, Аршанскім, Сенненскім і Шаркаўшчынскім раёнах. Самымі неспрыяльнымі рэгіёнамі Прыдзвіння з'яўляюцца Лёзненскі, Талачынскі, Гарадоцкі, Дубровенскі раёны і Полацк. З агульнай колькасці ВІЧ-інфікаваных жыхароў вобласці 58,1% складаюць мужчыны (297 чалавек) і 41,9% - жанчыны (214). Асноўным шляхам заражэння з'яўляюцца палавыя кантакты. На іх долю прыпадае 64%. Пры гэтым калі ў 2008 годзе палавым шляхам заразіліся 81% мужчын і 97% жанчын, то за 10 месяцаў 2009 года гэтая лічба склала 82,1% і 100% адпаведна. -0-