У Віцебскай вобласці ў 2010 годзе не зафіксавана ніводнага выпадку ўскладненняў у дзяцей пасля прышчэпак
22 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2010 годзе не зафіксавана ніводнага выпадку ўскладненняў у дзяцей пасля прышчэпак, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч.
Паводле яго слоў, дасягненні медыцыны ўжо даўно дазволілі выкарыстоўваць эфектыўныя і бяспечныя для дзяцей вакцыны. Перад імунізацыяй педыятры праводзяць агляды маленькіх пацыентаў, што дазваляе выявіць дзяцей, якім неабходна правесці папярэднюю медыцынскую карэкцыю або часова адкласці дадзеную працэдуру. Пры гэтым часовыя медыцынскія адводы з'яўляюцца адзінкавымі.
Усё менш апошнім часам фіксуецца і адмоваў бацькоў ад правядзення прышчэпак, сказаў Уладзімір Сінкевіч. Шмат у чым гэта абумоўлена шырокай інфармацыйнай працай, якую пастаянна праводзяць медыцынскія работнікі, а таксама павышэннем узроўню адукаванасці насельніцтва.
Галоўны санітарны ўрач Віцебскай вобласці адзначыў, што з 23 па 30 красавіка па ініцыятыве Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ у краінах Еўрапейскага рэгіёну, у тым ліку і ў Беларусі, праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі. Падчас яго правядзення ва ўстановах аховы здароўя, працоўных калектывах, СМІ і ў іншых арганізацыях Віцебскай вобласці будзе наладжана інфармаванне па пытаннях абароны супраць інфекцыйных хвароб, перавагах вакцынапрафілактыкі, іншых аспектах імунізацыі.
У цяперашні час эпідсітуацыя ў групе вакцынакіруемых інфекцый у Віцебскай вобласці захоўваецца дабраполучнай. Так, ужо даўно ў рэгіёне не рэгіструецца захворванне на адзёр, дыфтэрыю, краснуху, дадаў Уладзімір Сінкевіч.-0-