У Віцебскай вобласці ў 2010 годзе плануецца працаўладкаваць 80 інвалідаў
5 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2010 годзе плануецца працаўладкаваць 80 інвалідаў, паведаміў першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Мікалай Глушонак сёння на пасяджэнні калегіі камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дапамагчы ў працаўладкаванні людзям з псіхафізічнымі асаблівасцямі - задача асаблівай важнасці, падкрэсліў Мікалай Глушонак. З гэтай мэтай да 1 сакавіка плануецца цалкам абнавіць банк даных па інвалідах, якія жадаюць працаваць і маюць для гэтага адпаведныя медыцынскія паказанні. Трэба будзе таксама вызначыць пералік прадпрыемстваў усіх форм уласнасці для стварэння 80 працоўных месцаў для гэтай катэгорыі грамадзян. Для іх датацыі выдзелена Br1,6 млрд., што сведчыць аб увазе, якую надае дзяржава стварэнню безбар'ернага асяроддзя ў грамадстве, і дапамозе, накіраванай на сацыяльную адаптацыю інвалідаў.
Пэўныя крокі па прыцягненні інвалідаў да аплачванай працы ў рэгіёне ўжо зроблены. Паспяховым вопытам работы ў гэтым напрамку могуць падзяліцца Глыбоцкі, Полацкі і Пастаўскі раёны. Пры гэтым апошні рэгіён валодае напрацоўкамі па арганізацыі надомнай працы для людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі, адзначыў Мікалай Глушонак.-0-