У Віцебскай вобласці ў 2012 годзе з дапамогай сістэм відэаназірання раскрыта 36 злачынстваў
Кრа́дзеж Br27,4 млн. з магазіна ў Віцебску раскрыты з дапамогай сістэмы відэаназірання, распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.
Злачынства было здзейснена ў 2012 годзе. Злачынца зайшоў у незачыненае службовае памяшканне магазіна і пад пагрозай прымянення нажа адкрыта выкраў са стала касіра грашовую выручку ў суме Br27,4 млн. З дапамогай прагляду сістэмы відэаназірання, усталяванай на гандлёвым аб'екце, было ўстаноўлена, што злачынства здзейсніў раней судзімы жыхар Віцебска. Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.207 КК Рэспублікі Беларусь – "Разбой".
Як адзначылі ва УУС, гэта не адзінае злачынства, раскрытае ў вобласці з дапамогай сістэм відэаназірання. З дапамогай сучасных тэхналогій за 2012 год раскрыта 36 злачынстваў, у 2011 годзе іх было 29. "Камеры відэаназірання, усталяваныя на розных аб'ектах, з'яўляюцца адной з дзейсных мер стрымлівання і прафілактыкі крымінальных праяў", - перакананыя супрацоўнікі праваахоўных органаў.
У цяперашні час у вобласці 613 аб'ектаў абсталяваны сістэмамі відэаназірання, пры гэтым амаль палова з іх - аб'екты гандлю і грамадскага харчавання. Акрамя таго, камеры ўстаноўлены на ўстановах культуры, спартыўных аб'ектах, дзяржаўных установах, банках, вуліцах і плошчах. Сістэмамі відэаназірання абсталявана 24 грамадскія месцы, дзе для аховы грамадскага парадку ўстаноўлена 180 відэакамер, у тым ліку з вывадам відэасігналу ў аператыўна-дзяжурныя часткі АУС. Абсталяванне сістэмамі відэаназірання будзе працягнута ў 2013 годзе.