У Віцебскай вобласці ў два разы зніжаны стаўкі адзінага падатку для ІП і самазанятых грамадзян
Дэпутаты Віцебскага аблсавета першымі сярод калег з іншых рэгіёнаў скарысталіся магчымасцю, прапісанай ва ўказе кіраўніка дзяржавы №143 «Аб падтрымцы эканомікі». Па папярэдніх ацэнках, такое паслабленне для малога бізнесу, якое будзе дзейнічаць з 1 красавіка, абыдзецца мясцоваму бюджэту прыкладна ў 2,2 млн рублёў.
Ва ўмовах запаволення прадпрымальніцкай актыўнасці на фоне эпідэміялагічнай абстаноўкі, якая склалася ў свеце, плацельшчыкі адзінага падатку адносяцца да найбольш пацярпелага сектара малога бізнесу. Як паведаміў начальнік абласной падатковай інспекцыі Валерый Лабацэвіч, маніторынгі сітуацыі паказваюць, што выручка ў шэрагу сфер дзейнасці скарацілася ў красавіку ў 2-3 разы. Пры гэтым стаўка адзінага падатку фіксаваная і плаціць яе трэба наперад — такія асаблівасці гэтага рэжыму падаткаабкладання. Таму ва ўказе нароўні са зніжэннем падатковай нагрузкі для гэтай катэгорыі плацельшчыкаў прадугледжана магчымасць з пачатку любога месяца перайсці на іншы падатковы рэжым — спрошчаную сістэму (СПС) або выплату падаходнага падатку. Сэнс пераходу ў тым, што падаткаабкладанню будзе падлягаць толькі атрыманая выручка, і падатак неабходна будзе плаціць не наперад, а падатквартальна. Па аператыўных даных, гэтай магчымасцю ўжо скарысталіся каля 40 прадпрымальнікаў. Разам з тым, падтрыманыя сёння плацельшчыкі адзінага падатку ў перспектыве змогуць кампенсаваць бюджэту выпадаючыя даходы, калі выручка вернецца на дакрызісны ўзровень.
У апошнія гады ІП уносяць асноўны ўклад у колькасны рост малога і сярэдняга бізнесу на Віцебшчыне. Паводле даных на 1 красавіка, усяго зарэгістравана звыш 23 тыс. ІП, што на 5% больш, чым годам раней. Найбольш высокімі тэмпамі гэтая катэгорыя плацельшчыкаў расла ў 14 сельскіх раёнах, у тым ліку ў Бешанковіцкім (12,5%), Дубровенскім (12,2%), Лёзненскім (11,9%), Талачынскім (10,3%), Браслаўскім (10%), Сенненскім (9,5%), Верхнядзвінскім (9,4%) раёнах.