У Віцебскай вобласці ў галасаванні прынялі ўдзел 38,8% выбаршчыкаў

25 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці паводле даных на 10.00 удзел у галасаванні прынялі звыш 347 тыс. выбаршчыкаў, яўка склала 38,8% (з улікам вынікаў датэрміновага галасавання). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі Уладзімір Мядзялец. У вобласці працуюць 923 участкі для галасавання. Сёння паўсюдна арганізавана актыўная работа па абслугоўванні выбаршчыкаў. Так, прадпрыемствы грамадскага харчавання разгарнулі сетку буфетаў і кропак выязнога гандлю па продажы шырокага асартыменту прадуктаў харчавання, кандытарскіх вырабаў і прамысловых тавараў. Пры гэтым у 14 раёнах вобласці па рашэнні мясцовых органаў улады на ўчастках для галасавання забаронена рэалізацыя спіртных напояў, ва ўсіх іншых раёнах не будзе пладова-ягадных він у асартыменце кропак гандлю на ўчастках. Акрамя таго, арганізавана дзяжурства спецыялістаў-медыкаў, а таксама сфармаваны дадатковыя брыгады на станцыях хуткай дапамогі. Праходзяць канцэрты калектываў мастацкай самадзейнасці. Усяго ў вобласці працуюць 60 акруговых камісій па выбарах дэпутатаў абласнога Савета, 240 тэрытарыяльных камісій па выбарах дэпутатаў раённых, гарадскіх, сельскіх і пасялковых Саветаў. -0-