У Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі на новыя вытворчасці працаўладкавалі больш за 3,1 тыс. чалавек
У Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі на новыя вытворчасці працаўладкавалі больш за 3,1 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміў на нарадзе па пытанні арганізацыі і каардынацыі работы камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў.
"У 2018 годзе жадаючым працаўладкавацца выдадзена амаль 7 тыс. накіраванняў на работы, аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 5,5 тыс. чалавек. Акрамя таго, за першае паўгоддзе працаўладкавана за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў крыху больш за 3,1 тыс. чалавек. Узровень беспрацоўя ў рэгіёне на пачатак ліпеня складае 0,6%", - сказаў Аляксандр Хрыстафораў.
У Віцебскай вобласці ў пачатку года было вызначана 15 тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Гэта 13 раёнаў і два гарады - Віцебск і Наваполацк. На пачатак жніўня ў 8 з 15 рэгіёнаў сітуацыя палепшылася, а Гарадоцкі, Шаркаўшчынскі раёны і Наваполацк забяспечылі паляпшэнне становішча па ўсіх паказчыках. Пагоршылася сітуацыя на рынку працы ў Сенненскім і Шумілінскім раёнах. У першым узровень беспрацоўя з пачатку года павялічыўся да 0,8%, у другім - да 0,5%.
Для садзейнічання занятасці насельніцтва ў красавіку-маі ва ўсіх раёнах і гарадах вобласці былі створаны камісіі, асноўнай задачай якіх з'яўляецца каардынацыя работы па рэалізацыі норм дэкрэта №1 "Аб садзейнічанні занятасці". Іх узначалілі старшыні раённых Саветаў дэпутатаў і кіраўнікі адміністрацый раёнаў Віцебска. Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны быў праведзены маніторынг размяшчэння актуальнай і поўнай інфармацыі аб рабоце камісій. Усім раёнам даручана выправіць недахопы, а таксама пашырыць раздзелы дадатковай інфармацыяй і спасылкамі на адпаведныя нарматыўныя акты.
Падчас нарады ўдзельнікі закранулі пытанне аб фарміраванні базы даных не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян. Першыя пробныя спісы камісіям у раёнах неабходна будзе прадаставіць у рэспубліканскую базу да 1 верасня.
У размове з журналістамі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што,
нягледзячы на тое, што дэкрэт №1 пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2019 года, ужо сёння трэба правесці падрыхтоўчыя работы.