У Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі створана 12,5 тыс. працоўных месцаў
28 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў студзені-чэрвені 2010 года створана 12,5 тыс. новых працоўных месцаў, або 50% ад гадавога задання. Аб гэтым паведаміла першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Ірына Мацвеева сёння на пасяджэнні абласной калегіі па выніках работы за паўгоддзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Садзейнічанне ў працаўладкаванні за шэсць месяцаў было аказана 18,1 тыс. грамадзян, у тым ліку 11,9 тыс. беспрацоўных (выкананне гадавога задання склала адпаведна 51,8% і 57,6%). На прафесійнае навучанне і перападрыхтоўку накіравана каля 2,1 тыс. чалавек (54,3% да плана). Па заяўках наймальнікаў з гарантыей наступнага працаўладкавання арганізавана навучанне 735 беспрацоўных - фактычна кожнага трэцяга ад колькасці накіраваных на пераабучэнне. Да часовай занятасці ў выглядзе аплатных грамадскіх работ прыцягнута 7,4 тыс. чалавек. Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці аказана 326 беспрацоўным.
Рэалізацыя шырокага комплексу мер, накіраванага на арганізацыю занятасці насельніцтва, дазволіла захаваць стабільную сітуацыю на рынку працы вобласці, адзначыла Ірына Мацвеева. Узровень рэгістраваемай беспрацоўнасці на 1 ліпеня склаў 1,1% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва пры гранічна дапушчальным паказчыку ў 1,6%. Колькасць беспрацоўных знізілася ў параўнанні са студзенем-чэрвенем 2009 года на 7,2% да 6,2 тыс. чалавек.
У той жа час колькасць занятых у эканоміцы за мінулыя шэсць месяцаў узрасла ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 3,5 тыс. чалавек да 567,2 тыс. "Рэальны ўзровень занятасці насельніцтва значна вышэйшы, але, каб яго ўбачыць, неабходна вывесці з ценю людзей, якія працуюць на індывідуальных прадпрымальнікаў і атрымліваюць зарплату ў канверце", - пракаментаваў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Міхаіл Лешчынскі.
Ён таксама адзначыў слабую работу рэгіянальных органаў па працаўладкаванні моладзі. "Плану па арганізацыі занятасці школьнікаў і студэнтаў на летнія канікулы неабходна рыхтаваць да заканчэння навучальнага года - моманту, калі моладзь шукае і мае патрэбу ў рабоце", - падкрэсліў ён.
Крытыцы падвергнулася і арганізацыя ў раёнах месцаў работы для інвалідаў. "Заяўленыя на гэтыя мэты сродкі не асвойваюцца, паколькі кіраўнікі, адказныя за гэту справу, і мясцовыя чыноўнікі проста не ведаюць, чым заняць людзей гэтай катэгорыі", - падкрэсліў Міхаіл Лешчынскі, параіўшы праявіць крэатыўны падыход і вывучыць вопыт Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў па працаўладкаванні інвалідаў.-0-